БАРАНАВІЧЫ
Сёньня ў Баранавічах актывісты прадпрымальніцкага руху і палітычных партыяў абмяркоўвалі тэрміны чарговай акцыі пратэсту.
“Страсянем мы іх 12-га. Выйдзем на плошчу”
“Страсянем мы іх 12-га студзеня. Паглядзім на рэакцыю. Чалавек 200 зьбяром. Выйдзем на плошчу. Няхай улада ведае, што прадпрымальнікі нязгодныя. А то нібыта атрымліваецца, што ўказ падпісаны і ўсё нармальна, нібыта ўсе пагадзіліся працаваць ва ўмовах, як загадана. Аднак не! Ня ўсе пагадзіліся”.
Са словаў Мікалая Чарнавуса, указ № 703, які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 25 сьнежня, ня ўлічвае патрабаваньняў, якія гучалі на акцыях пратэсту 10 і 15 сьнежня.
ГОРАДНЯ
Што ж канкрэтна не задавальняе цяпер прадпрымальнікаў?
Гандляр Аляксандар: “Плаціць давядзецца больш. Курс эўра падвышаны, і адпаведна вырастуць сумы і за месца, і НДС, і падатак павялічваецца”.
“Яшчэ ня ведаю, ці варта плаціць падаткі. Буду бачыць, куды хіліцца сытуацыя”.
Спадар: “Я ня ведаю, ці варта плаціць. Буду бачыць, куды хіліцца сытуацыя…”
ГОМЕЛЬ
Рэчавыя рынкі ў Гомелі сёньня — напаўпустыя. Меркаваньне пра сытуацыю выказвае прадпрымальнік Уладзімер Няпомняшчых:
“Людзей на рынках стала мала. Калі што бяруць, дык гэта найперш да сьвятаў прадукты харчаваньня. Я гандлюю адзеньнем, дык немагчыма працаваць. Па-першае, дазволілі стаўкі адзінага падатку падняць з 25 да 110 эўра. Апрача таго, каэфіцыент на імпартныя тавары павялічыўся з паўтара да двух. Людзі ў шоку.
“Хакеіст будаваў лёдавыя палацы, а не заводы і фабрыкі”
“Замест таго, каб будаваць сучасныя заводы й фабрыкі, пятнаццаць гадоў будавалі лядовыя палацы. Дакладней, ня мы — у нас ёсьць хакеіст, які ўсё будаваў лядовыя палацы”.
І яшчэ адзін прадпрымальнік скардзіцца:
“Я першы дзень сёньня выйшаў — і нічога не прадаў. Прапалі грошы, што аддаў за гэтыя дзесяць дзён на падаткі, за месца. Лепей бы я дома сядзеў і ня рыпаўся”.
“Сытуацыя змушае пратэставаць і кансалідавацца”
“Па нашых падліках, у рэгіёнах не працуюць ад 30 да 40 і больш працэнтаў прыватных прадпрымальнікаў. Яшчэ зараз будзе падвышэньне адзінага падатку. Давядзецца плаціць дадаткова за студзень. Людзі, як гаворыцца, пачнуць локці кусаць. Гэта змусіць пратэставаць і кансалідавацца”.
Сяргей Астраўцоў, Вячаслаў Кулік, Радыё Свабода (Гомель).