Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Паласе Газа забіта больш за 400 чалавек


Ізраільскія авіяўдары накіраваныя супраць радыкальнай групоўкі Хамас у Паласе Газа працягваюцца сёмы дзень.

Хамас пакляўся адпомсьціць Ізраілю за ўчарашняе забойства аднаго са сваіх вышэйшых палітычных кіраўнікоў Нізара Раяна і ягонай сям’і ў выніку ізраільскага авіяўдару. Раян быў вядомы сваімі заклікамі да тэрарыстычных нападаў на тэрыторыі Ізраілю.

Пахаваньне Нізара Раяна і ягонай сям'і ў лягеры ўцекачоў Джабалія на поўначы Паласы Газа. 2 студзеня

Райан стаўся першай ахвярай з ліку палітычнага кіраўніцтва Хамасу ад пачатку бамбаваньня Паласы Газа ў мінулую суботу. Апрача яго было забіта шмат баявікоў і вайсковых камандзіраў Хамасу. У цэлым жа колькасьць забітых у Паласе Газа наблізілася да 420 чалавек, больш як дзьве тысячы чалавек параненыя.

Ракетнымі ўдарамі ў адказ з Паласы Газа былі забітыя чацьвёра ізраільцянаў.

Міністар замежных спраў Ізраілю Цыпі Ліўні ў часе прэсавай канфэрэнцыі у Парыжы заявіла, што ізраільскія апэрацыі у Паласе Газа маюць на мэце дасягненьне спакою і міру.

Міністры замежных спраў Францыі, Чэхіі і Швэцыі пачалі сёньня свой візыт на Блізкі Усход у спробе урэгуляваць крызыс.

А дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс заявіла, што Вашынгтон працуе для дасягненьня трывалага перамір’я у Паласе Газа як найхутчэй:

Кандаліза Райс.

“Мы спрабуем дамагчыся заключэньня перамір’я. Але гэта не мае быць вяртаньне да мінулай сытуацыі, якая дазваляла Хамасу працягваць ракетныя абстрэлы Ізраіля. Відавочна, што перамір’е трэба заключыць як мага хутчэй, але гэта мае быць даўгатэрміновае і трывалае перамір’е”.

Тым часам у шэрагу краінаў сьвету сёньня прайшлі дэманстрацыі пратэсту супраць ізраільскай апэрацыі у Паласе Газа. Каля 30 тысяч чалавек узялі ўдзел у дэманстрацыі ў сталіцы Ярданіі Амане, каля 10 тысяч чалавек – у сталіцы Інданэзіі Джакарце. 6 тысяч чалавек прайшлі па вуліцах Тэгерану з крыкамі “Сьмерць Ізраілю”. У Вене таксама каля 6 тысяч чалавек правялі дэманстрацыю з антыізраільскімі лёзунгамі. У акцыі ўзялі удзел пераважна прадстаўнікі мусульманскай грамады.

Акцыі пратэстаў прайшлі таксама у Аўганістане, Сырыі, Турэччыне, Эгіпце.

Палестынскія студэнты пратэстуюць ля амбасады Ізраілю ў Маскве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG