Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстраляная літаратура з “Кнігазбору”


Упершыню ў Беларусі выйшла анталёгія твораў пісьменьнікаў, загубленых савецкімі карнымі органамі ў 1920-1950-я гады. У ёй на сямістах старонках сабраныя найбольш значныя творы шасьцідзесяці шасьці ахвяраў рэжыму. Але гэта далёка ня ўся расстраляная бальшавікамі беларуская літаратура, якую ўдалося выявіць дасьледчыкам.

Анталёгія твораў загубленых бальшавікамі беларускіх пісьменьнікаў выйшла ў залатой сэрыі “Беларускага кнігазбору”. Складальнікі тому так яго і назвалі — “Расстраляная літаратура”. Грунтоўную прадмову да выданьня напісаў дасьледчык гісторыі, культуры і літаратуры першай паловы XX стагодзьдзя Анатоль Сідарэвіч. Вось як ён характарызуе аўтараў анталёгіі:

Анатоль Сідарэвіч
“Яны — і вернікі, і атэісты, і дзеячы БНР, і дзеячы БССР, і камуністы, і антыкамуністы. Усе яны — і беларусы, і вялікаросы, і габрэі — любілі Беларусь. У гэтым была галоўная іх віна перад бальшавіцкімі сатрапамі ў Беларусі”.

Усе аўтары кнігі жылі ў Беларусі і пісалі, незалежна ад нацыянальнасьці, па-беларуску. Гэтую акалічнасьць спадар Сідарэвіч лічыць гонарам беларускай літаратуры, якая далучыла да сябе прадстаўнікоў іншых народаў.

“Наша літаратура тварылася людзьмі розных нацыянальнасьцей. І гэта — гонар нам. Яны жылі тут, яны любілі гэтую краіну і пісалі на мове гэтай краіны”.

Што, зрэшты, і стала прычынай іх аднолькава трагічнага лёсу. У віну ўсім ім было пастаўлена адно і тое ж — беларускі нацыяналізм.

Анатоль Сідарэвіч прызнаецца, што з шасьцідзесяці шасьці прадстаўленых у анталёгіі літаратараў некаторых ён для сябе адкрываў упершыню. Але шмат якія імёны не адкрытыя і да сёньня, бо разам з аўтарамі зьнішчаліся і творы. Шмат каго забралі і забілі зусім маладымі, калі яны яшчэ не пасьпелі нічога надрукаваць. Ды беларусы даволі позна і ўзяліся адкрываць сваіх расстраляных савецкімі карнымі органамі пісьменьнікаў. У іншых рэспубліках былога СССР творы ахвяраў рэжыму сталі даступныя дасьледчыкам і чытачам з пачаткам іх незалежнасьці. Выдадзены том — першае падобнае выданьне ў Беларусі, але працяг пошукаў невядомых твораў пакаленьня расстралянай літаратуры — абавязак дасьледчыкаў, — кажа спадар Сідарэвіч.

“Што памяць гэтых людзей нейкім чынам трэба ўшанаваць, то сумневаў няма на гэты конт ніякіх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG