Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прадпрыемствах – масавыя скарачэньні?


Пра чарговую хвалю скарачэньняў паведамляюць слухачы Радыё Свабода.

Паведамленьне на аўтаадказьніку Радыё Свабода:

Спадарыня:
“Каля трохсот супрацоўнікаў заводу “Гарызонт” атрымалі падарунак на Каляды ад кіраўніцтва заводу ў выглядзе паведамленьня пра тое, што зь імі ня будзе працягнуты кантракт. Наш прэзыдэнт кажа, што ніводзін чалавек не апынецца на вуліцы. А вось 300 супрацоўнікаў заводу “Гарызонт” проста выкінутыя напярэдадні Калядаў на вуліцу”.

Сустаршыня незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Бухвостаў выказаў такое меркаваньне:

“Зараз прадпрыемства нікому ніякай інфармацыі не дае. Забаранілі любую інфармацыю даваць, асабліва па пытаньнях скарачэньняў. Тое, што гэта там адбываецца – безумоўна. Але пра колькасьць скарочаных – 300 іх, 200 альбо 400 – складана адказаць дакладна. Вы не праверыце ніяк. Вам нават дырэктар заводу ня скажа. Скарачэньні паўсюль адбываюцца, ня толькі на “Гарызонце”.

Супрацоўнік прафкаму вытворчага аб’яднаньня “Гарызонт”, які не назваў свайго імя, пацьвердзіў інфармацыю, што ідуць скарачэньні. Але, як і меркаваў Аляксандар Бухвостаў, дакладную лічбу не назваў:

“У нас адбываецца рэарганізацыя, але 300 чалавек – гэта, канечне вельмі многа вам сказалі. Я, праўда, ня ведаю, хто тэлефанаваў… Тым больш, што існуюць пэўныя правілы, то бок ўведамленьне за месяц аб спыненьні кантракту, што кантракт ня будзе працягнуты. Да таго ж прапаноўваюць усім працу на “Гарызонце”. Іншая справа, магчыма, ня ўсіх задавальняе гэтая праца. Але прапаноўваюць”.

Аляксандар Бухвостаў пагаджаецца, што людзям могуць прапанаваць іншую працу на тым жа прадпрыемстве:

“Сапраўды, на прадпрыемствах надзвычай цяжкое становішча, ідзе скарачэньне. На ўсе прадпрыемствы яшчэ месяц-два таму паступілі загады пра аптымізацыю колькасьці працоўных. Калі скончыўся кантракт, усіх пэнсіянэраў, да прыкладу, будуць звальняць, перамяшчаць людзей на іншыя працоўныя месцы – туды, дзе дэфіцыт працаўнікоў (напрыклад, на пагрузачна-разгрузачныя працы). Альбо, хто адмаўляецца ад перасоўваньняў, звальняць”.

Як правіла, гэта менш кваліфікаваная праца зь меншым заробкам, кажа сустаршыня незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Бухвостаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG