Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь просіць у Расеі 100 мільярдаў


Сёньня ў Маскве прайшла сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі Дзьмітрыя Мядзьведзева і Аляксандра Лукашэнкі. Высьветлілася, што ў Беларусі зьявілася новая просьба — выдзеліць 100 мільярдаў расейскіх рублёў крэдыту. Беларускі бок аргумэнтуе яе магчымым пераходам да разьлікаў ва ўзаемным гандлі ў расейскіх рублях.


“Бягучы год у расейска-беларускіх дачыненьнях быў няпросты, але па яго выніках мы здолелі выйсьці на заплянаваныя паказьнікі”, — такую думку выказаў сёньня прэзыдэнт Расеі падчас сустрэчы ў Крамлі са сваім беларускім калегам:

“Калі казаць пра дынаміку расейска-беларускага супрацоўніцтва, дык яна была нядрэннай. Устойліва рос таваразварот”.

Загадчык аддзелу Беларусі Інстытуту краін СНД у Маскве Аляксандар Фадзееў гаворыць, што на лічбы беларуска-расейскага гандлю трэба глядзець уважліва:

“Рост таварнай масы за 2008 год — гэта толькі крыху больш за 11%. А пераважна рэкордныя лічбы — гэта кошт тых энэрганосьбітаў, якія імпартуе Беларусь. Таму тут гаворка ідзе не пра значнае павелічэньне таварнай масы альбо паслуг, а пра тое, што павысілася цана на іх”.

Аляксандар Лукашэнка на самым пачатку размовы з расейскім калегам казаў, што Беларусь нічога ня просіць у Расейскай Фэдэрацыі:

“Публічна хачу адразу адмесьці тут усе інсынуацыі, якія гучалі апошнім часам з нагоды таго, што Лукашэнка амаль на каленях паўзе ў Крэмль, каб нешта выпрасіць. Адразу хачу сказаць, што мы абсалютна сёньня нічога не зьбіраемся прасіць”.

Аднак сёньня ж намесьнік міністра фінансаў Расеі Дзьмітры Панкін публічна заявіў, што Масква атрымала зь Менску ліст з просьбай выдзеліць 100 мільярдаў расейскіх рублёў крэдыту. А аглядальнікі зьвяртаюць увагу на тое, што пасьля сустрэчы двух прэзыдэнтаў у фармаце сам-насам да іх далучыліся сярод іншых і кіраўнікі Цэнтрабанку Расеі і Нацыянальнага банку Беларусі.

Аляксандар Фадзееў зьвяртае ўвагу на гэту супярэчлівасьць:

“Лукашэнка адмаўляе, што беларускі бок прасіў нешта ў Расеі. Пра гэта ён заявіў афіцыйна на гэтых перамовах. З аднаго боку, паведамляецца, што такі ліст з просьбай аб 100 мільярдах расейскіх рублёў ёсьць. А Лукашэнка адмаўляецца ад гэтага. Так што мне даволі складана камэнтаваць гэта”.

Кіраўнік дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што беларускае кіраўніцтва сваёй чарговай просьбай усё глыбей заганяе сябе ў залежнасьць ад усходняга суседа:

Яраслаў Раманчук
“Беларускі ўрад чапляецца за саломку. Ён ня хоча рэформаў, а бачыць будучыню Беларусі толькі ў даўгавой яме, якую сам сабе і збудаваў. А гэта тое, на што і разьлічвае Крэмль — уцягнуць Беларусь у такія ўзаемаадносіны, выхад зь якіх будзе толькі ў палітычных кампрамісах на карысьць Расеі”.


У лістападзе 2008 году Расея і Беларусь падпісалі пагадненьне, што Беларусь атрымае 2 мільярды даляраў ЗША як стабілізацыйны крэдыт у 2008-2009 гадах. Першую частку крэдыту — 1 мільярд даляраў — Беларусь ужо атрымала. Другую Расея павінна пералічыць да 28 лютага. Крэдыт выдаецца на 15 гадоў з 5-гадовай адтэрміноўкай па асноўным доўгу паводле стаўкі LIBOR+3%.

У сьнежні 2007 году Расея выдзеліла Беларусі 1,5 мільярда стабілізацыйнага крэдыту на 15 гадоў пад LIBOR+0,75% з адтэрміноўкай выплаты на 5 гадоў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG