Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ул.Арлоў: Людзям добрым – шчасьця з рога, а чарту лукаваму – дальняя дарога


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў
Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Ўладзімер Арлоў закончыў гістфак БДУ, працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Ён аўтар больш за трыццаць кнігаў прозы, эсэістыкі й паэзіі. "Таямніцы полацкай гісторыі" і "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі" ўвайшлі ў сьпіс 100 найбольш папулярных беларускіх кніг ХХ стагодзьдзя.

Шмат падарожнічае па Беларусі, за мяжой. Нядаўна падчас чарговай вандроўкі спадар Арлоў адчуў сябе блага і трапіў у шпіталь. Пасьля складанай апэрацыі на сэрцы зараз праходзіць рэабілітацыю, аднак пагадзіўся цягам тыдня падсумаваць у ранішніх этэрах вынікі году ў літаратуры і мастацтве.

На заключэньне чарговы грамадзкі рэдактар тыдня прапанаваў журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Цуд на каляды”.

Станіслаў Шушкевіч: Найчасьцей людзі спрабуюць зрабіць нешта ў сьнежні

Станіслаў Шушкевіч
Старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня прафэсар Станіслаў Шушкевіч. Чалавек, які праславіўся на ўвесь сьвет тым, што спрычыніўся да развалу адной з самых магутных дзяржаваў ХХ стагодзьдзя – СССР, выказаў такое меркаваньне:

“Перад Калядамі, на самі Каляды і пасьля Калядаў, у тэрмін каля Новага году людзі спрабуюць нешта зьмяніць, ці шукаюць час, калі гэта можна зрабіць... Вось такі час выпадае менавіта ў сьнежні ці на пачатку студзеня. Гэта праўда, але ў сьнежні найчасьцей...”

Менавіта ў сьнежні-студзені былі створаная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь (1 студзеня 1919 года), быў утвораны СССР (30 сьнежня 1922 года), распаўся Савецкі Саюз (8 сьнежня 1991 года)... Але пачнем з найбольш раньніх падзеяў. Распавядае гісторык Анатоль Сідарэвіч:

Анатоль Сідарэвіч
“25 студзеня ў калядны дзень, у 1905 годзе – тут я дакладна ведаю – на ўскраіне Менску, па дарозе на Кальварыю, дзе жыў Віктар Зелязей, бібліятэкар бібліятэкі імя Пушкіна, у ягоным доме адбываўся падпольна зьезд Беларускай сацыялістычнай грамады. Якраз на калядныя сьвяты, за самаварам дэлегаты сядзелі. І пра гэта ёсьць успаміны Хлябцэвіча, як яго тэлеграмай выклікала на зьезд Цётка. Там была прынятая праграма партыі і выбраны Цэнтральны камітэт. Партыя вяла з пачатку 1905 году барацьбу з царызмам”.

1 студзеня 1919 года абвешчана створаная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь. Гісторык Уладзімер Ляхоўскі выказаў такое мекркаваньне:

“1 студзеня 1919 года, падзея абвяшчэньня Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь – гэта не выпадковая зьява. Таму што гэта адна з прыступак на доўгім і супярэчлівым шляху сувэрэнізацыі беларускай нацыі. Гэты працэс, я лічу, завяршыўся ў 1991 годзе. Мы можам сьмела сказаць, што ХХ стагодзьдзе – гэта беларускае стагодзьдзе. Падзеі з абвяшчэньнем Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі трэба разглядаць у гэтым кантэксьце, кантэксьце доўгага шляху сувэрэнізацыі беларускай нацыі”

Гісторык Алег Гардзіенка прыгадаў яшчэ адну цікавую для беларусаў падзею ХХ стагодзьдзя, якая адбылася менавіта на Каляды:

Алег Гардзіенка
“У 1945 годзе вялікая колькасьць беларусаў з розных прычын аказалася па-за межамі Бацькаўшчыны ў Заходняй Эўропе ці нават у Палестыне. Хтосьці выехаў зь Беларусі падчас вайны, хтосьці быў вывезены на прымусовыя працы. Беларусы аказаліся расьцярушаныя, бо тады ж не было сувязі. Быў 1945 год, як яны маглі падтрымліваць сувязь? Беларусы пачувалі сябе дастаткова кепска з-за гэтага. І самы сапраўдны цуд здарыўся на Каляды, 25 сьнежня 1945 года, калі выйшла першая паваенная беларуская газэта. Гэта былі “Беларускія навіны”, яны выдаваліся ў Парыжы Лявонам Рыдлеўскім, нашым славутым дзеячам. І сапраўды гэта газэта была як глыток чыстага паветра для беларусаў, таму што яна стала тым лучнікам сувязі беларусаў паўночна-заходняй Эўропы да Англіі, да Палестыны, да Італіі, Нямеччыны, Натуральна, Францыі, дзе яна выдавалася. Менавіта гэтая газэта і пачала гуртаваць беларусаў на эміграцыі. Там нават можна было знайсьці зьвесткі, што былы таварыш шукае свайго таварыша. Самае цікавае, што сапраўды першы нумар выйшаў 25 сьнежня 1945 года”.

Ну і менавіта ў сьнежні адбылася яшчэ адна знамянальная падзея: 8 сьнежня 1991 года былі падпісаныя Белавескія пагадненьні – ня стала СССР. Распавядае Станіслаў Шушкевіч :

“Я зь Ельцыным дамаўляўся сустрэцца ў Беларусі, у Белавескай пушчы, запрасіў яго на паляваньне – гэта было 20 кастрычніка 1991 года. Выбіралі час, калі можна сустрэцца – а атрымалася, што раней, чым у сьнежні ня можам сустрэцца... І шэраг іншых пазыцый, не такіх, можа, зьмястоўных... Я ведаю, што і сёньня ў гэты час гадавіна “Саюдзіса” у Літве, 90-я ўгодкі аднаўленьня незалежнасьці Польшчы. Так што ўсё блізка да Новага году”.

Камэнтуе Ўладзімер Арлоў:

– Рыхтуючыся да сёньняшняга этэру, я правёў росшукі ў сваёй памяці ды ўва ўласных кніжках і з радасьцю пераканаўся: у перадкалядныя, калядныя і пасьлякалядныя дні ў нашай гісторыі ня раз надараліся надзвычай важныя, а часа і лёсавызначальныя для беларусаў падзеі, якія – асабліва ў гэтыя перадсьвяточныя дні – цалкам можна лічыць цудамі.

Для ілюстрацыі сказанага я згадаю пяць зь іх.

У студзені 1564 году падчас неверагодна цяжкай для айчыны нашых продкаў – Вялікага Княства Літоўскага – Інфляндзкай вайны 10-тысячнае войска ВКЛ на чале з найвышэйшым гетманам Мікалаем Радзівілам ушчэнт разьбіла пад Улаю ўтрая большае 30-тысячнае маскоўскае войска Пятра Шуйскага. Ад куляў, шабляў і дзідаў нашых продкаў-літвінаў палегла тады 9 000 акупантаў і столькі ж патанула. Гэта была надзвычай важная перамога, якая спыніла далейшы наступ маскоўскіх агрэсараў.

У студзеньскія дні 1588 наш вялікі князь і кароль Жыгімонт Ш Ваза зацьвердзіў славуты Трэці Статут ВКЛ – самы перадавы збор законаў у тагачаснай Эўропе, паводле якога нашыя землі жылі амаль да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя.

Якраз на Каляды 1798 году ў вёсцы Завосьсе, альбо ў Наваградку прыйшоў на сьвет наш знакаміты суайчыньнік Адам Міцкевіч, творчасьць якога проста дыхае Беларусьсю.

А 91 год таму – 18 сьнежня 1917 году распачаў свае паседжаньні і праходзіў якраз у калядныя дні Першы Ўсебеларускі зьезд, рэзалюцыя якога аб праве беларускага народу на самавызначэньне неўзабаве прывяла да абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта азначала, што беларусы зноў сталі народам дзяржаўным – цяпер ужо пад сваёй сучаснай назвай.

Ну а ў сьнежні 1991 году, як, відаць, добра памятаюць нашыя слухачы, адбылася яшчэ адна лёсаносная для краіны падзея: у Віскулях была падпісаная дамова аб тым, што СССР спыняе сваё існаваньне. Адразу пасьля гэтага пачаўся працэс міжнароднага прызнаньня Рэспублікі Беларусь.

Бачыце, колькі цудаў было ў нашай гісторыі на Каляды?

Што з гэтага вынікае? А тое, што цуды будуць на Каляды і ў будучыні.

Алесь Краўцэвіч: Разваліліся ў жонкі боты, грошай няма, мароз, раптам Мілінкевіч звоніць: хачу аддаць доўг… Хапіла на абноўку!

Выкладчык Гарадзенскага унівэрсытэту Ігар Кузьмініч расказвае гісторыю свайго брата і ягоных дзяцей, які імкнуўся стварыць для іх на Каляды атмасфэру казкі, каб усё было дзіўна і нечакана. Ён заўжды падкрэсьліваў ролю Сьвятога Мікалая. Дзеці верылі, але потым у садку ім нехта сказаў, што ўсё гэта няпраўда, Сьвяты Мікалай не існуе, а бацькі хлусяць, самі кладуць пад елку падарункі. Брат спадара Кузьмініча паспрабаваў вярнуць гэтую веру і вось што ён зрабіў:

“24 сьнежня ён дамовіўся са сваім суседам, даў яму ключ ад кватэры. І калі яны зь дзецьмі селі за калядны стол, бацька сказаў: дзеткі, значыцца вы ня верыце, што ёсьць Сьвяты Мікалай? Яны адказалі: не. Тады ён пытаецца: першая зорка ўзышла, узышла? Ну апранайцеся. Выйшлі яны на вуліцу. Тата, мама, тут? Тут. І раптам у вакне запалілася елка. Бачыце — елка запалілася? Бачым. Хто яе мог запаліць? Зараз паглядзім: альбо Сьвяты Мікалай, або д’ябал. Калі д’ябал, то нічога ня будзе, а калі Сьвяты Мікалай, то падарункі вам будуць. Яны вярнуліся, а пад елкай падарункі, і дзеці сапраўды паверылі, што на самой справе гэта цуд, бо прыходзіў Сьвяты Мікалай. Яны цяпер зь любоўю ўспамінаюць тое здарэньне як казку, хаця разумеюць, як гэта было зроблена”.

Ігар Кузьмініч, дарэчы, цэлы год спрабуе стварыць беларускамоўную групу ў дзіцячым садку. Чыноўнікі не адмаўляюць, але й не спрыяюць. Пажадаем, каб такі цуд сапраўды здарыўся ў Горадні.

Гарадзенскі гісторык прафэсар Алесь Краўцэвіч сьвяты ня вельмі любіць і за цудамі ня сочыць, але ўсё ж ён згадаў гісторыю са свайго сямейнага жыцьця:

Алесь Краўцэвіч
“28 сьнежня, засталося да Новага году тры дні, і ў жонкі разваліліся апошнія зімовыя боты. Мы стаім у роспачы, тут раздаецца тэлефонны званок, тэлефануе Мілінкевіч: Алесь, ты там пісаў тэкст, прыйдзі вазьмі грошы і называе суму дакладна, каб купіць жонцы боты. Едзем у красоўках, бярэм грошы, купляем жонцы боты. Калядны цуд!”

Мастак-рэстаўратар Уладзімір Кіслы нярэдка дапамагае аднавіць абразы ці іншыя рэчы ў гарадзенскіх касьцёлах і цэрквах, але пытаньне пра калядны цуд ён успрымае як вельмі няпростае:

“Да галавы нічога не прыходзіць, хіба што гэта: мужык прыехаў на лох-нескі цуд паглядзець. Сядзіць там у кавярні і пытаецца: скажыце, а калі зьяўляецца гэты монстр? Яму кажуць: пасьля пятай шклянкі віскі…”

Антаніна Хатэнка: Маё каляднае жаданьне – мець, каб было што аддаваць – людзям, сьвету і жыцьцю

Чаго людзі чакаюць ад цудоўнага часу Калядаў? Што загадваюць, гледзячы на мігценьне сьвяточных вагеньчыкаў?

Выдаўца, літаратар і мастак Адам Глёбус лічыць, што гаспадарчы падыход да рэчаіснаьці здольны ператварыць мроі – у рэчаіснасьць:

Адам Глёбус
“Я па-першае, пішу пляны. І ўжо пачаў пісаць пляны на наступны год. Я чалавек гаспадарлівы, люблю плянавую гаспадарку, таму пляную. І хацелася б адпаведна, каб яны гэтыя пляны ўвасобіліся ў жыцьцё. Гэта асноўныя жаданьні. Але ёсьць і іншыя, прыкольныя. Прыкладам, мой унук Вова піша лісты Дзеду Марозу.Трэба яму напісаць, каб ён і ў вышэйшыя інстанцыі пісаў лісты і адпраўляў на Каляды. Вось гэтымі Калядамі я яго навучу. Я лічу, што часам варта рабіць непатрэбныя справы. Але і іх я таксама пляную. Прыкладам, пісаць беларускія вершы. Ну, зусім непатрэбная справа. Ніяк не накорміць, не ператворыцца ў грошы. Альбо напісаць партрэты любімых жанчын. Гэткія непатрэбныя справу час ад часу дазваляюць зразумець, што табе ёсьць што ўзгадаць у жыцьці”...

Этнакультуроляг Антаніна Хатэнка кажа, што згаданы Адамам Глёбусам падыход – вельмі рацыянальны. Пляны, нашаптаныя нябёсам падчас Калядаў, маюць бонус шанцаваньня і могуць увасобіцца хутчэй ды прасьцей за якія іншыя.

“Новы год і наагул зьмена году – гэта глябальная маштабная зьява нашых плянаваньняў, якія мы закладаем, як праекты. Прынамсі, можам закласьці як праекты і зьдзяйсьняць цягам году”.

Вельмі важна падумаць над фармулёўкай жаданьня, якое ты просіш у Сусьвету, кажа спн. Антаніна. Важкасьць слова перабольшыць цяжка.

“Сабе я жадаю... Можа, хто і не паверыць, але я вымаўлю, таму што сапраўды гэтага вельмі моцна жадаю...каб я мела, што даваць – людзям, сьвету і жыцьцю. Гэта найвялікшая радасьць – даваць. Калі ты не абмяжоўваеш сябе ў дарунках, дабрыні, любові, у радасьці, у сьвятле... Значыцца, хацелася б, каб мне гэта трошачкі далося, каб я чарпанула і перадавала далей”...

Сьпявачка Руся, вакалістка гурту “Індіга”, трымаецца думкі, што без удзелу чалавека ані Лёс, ані жыцьцё, ані сусьвет не дапамогуць жаданьня спраўдзіцца:

Руся
“Я веру: што б чалавек ні намагаўся для сябе жадаць, яно абавязкова спраўдзіцца. Бо чалавек – гэта такая думаючая істота, таму чалавек мае талент канструяваць вакол сябе рэальнасьць і ўласнае жыцьцёвую прастору. То бок, калі Вы нечага вельмі прагнеце, яно абавязкова спраўдзіцца”.

Але варта быць пасьлядоўным у жаданьнях:

“У мяне дзядуля быў таксістам у горадзе Баку. І ён мяне яшчэ ў дзяцінстве навучыў, што жыцьцё і лёс падобнае да таксіста. Калі ты сядаеш у таксі і кажа: адвязіце мяне, калі ласка, на вуліцу Леніна... Ой, не... лепш на вуліцу Іванаўскую... ой, не, усё ж такі на Лагойскі тракт. У гэткім выпадку хутчэй за ўсё таксіст табе скажа – ідзіце Вы самі ведаеце куды. Тое самае адбываецца і па жыцьці. Калі ты дакладна ведаеш, куды табе трэба рухацца, то жыцьцё само цябе туды і падкіне”.

А яшчэ, апроч фармулёвак, выбару часу, візуалізацыі ў плянах і пасьлядоўнасьці, важна загадваць тое, што рэальна споўніцца: гэткага прынцыпу прытрымліваецца бард Віктар Шалкевіч:

“Калядныя жаданьні выконваюцца толькі тады, калі чалавек гэтага вельмі моцна хоча, а па другое, калі ён гэта заслужыў. Так што я жадаю сабе і ўсім навакол – каб наступны год быў лепшы за гэты, каб больш было шчасьця, меней было няшчасьцяў, каб было шмат прыемнай добрай працы, і каб на шляху ў кожнага чалавека сустракалася як мага болей людзей добрых, сустрэчы якіх узаемна ўзбагачалі б іх. Жаданьні – гэта такая справа. Можна жадаць стаць ангельскай каралевай, але сэнсу ў гэтым, як у габрэйскай показцы: маю жаданьне набыць казу, але ня маю магчымасьці. Так што хацелася б, каб было меней дурноты вакол, каб людзі асэнсоўвалі, дзе яны жывуць, у якім асяродзьдзі. І каб былі патрабавальныя больш да сябе, чым да іншых”...

Камэнтуе Ўладзімер Арлоў:

Цяпер колькі словаў пра ХХІ стагодзьдзе.

Мне здаецца, што сапраўды агульнанацыянальныя цуды ў новым стагодзьдзі яшчэ толькі чакаюцца. Таму буду казаць пра цуды ва ўласным жыцьці.

Лічу, што на ролю цуда прэтэндуе выданьне маёй кнігі “Краіна Беларусь”, якую мы зрабілі разам з мастаком Зьмітром Герасімовічам. Калі я не ў гуморы, здымаю з паліцы гэты фаліянт зь дзвюма тысячамі ілюстрацыяў і на душы мацнее вера, што ў нас заўсёды будзе свая краіна, што звацца яна будзе Беларусь, і што нам у ёй будзе ўтульна.

Цуд і тое, што я зараз гавару з вамі. Бо-- каб не талент мэдыкаў -- мог бы сустракаць гэтыя Каляды ўжо ў нябеснай Беларусі. Ну а паколькі я тут, дык працягваю верыць у зямныя цуды.

Напрыклад, мару, што якраз на Каляды атрымаю ўжо сёмую кніжку сваёй выдаванай сёлета цягам цэлага году аўдыёбібліятэкі. Гэта будзе кніга вершаў “Паром празь Ля-Манш”.

А на разьвітаньне хачу павіншаваць усіх слухачоў Свабоды каляднымі зычэньнямі маёй незабыўнай бабулі Аўгіньні:

Дай Божа,
каб былі здаровыя,
як ільды калядовыя...
Збаў Божа
ад пустога коласу,
ад рэдкага воласу,
ад харчу нязвыклага,
ад голасу зычнага,
ад цыганскіх вачэй,
ад паганскіх рачэй.
Людзям добрым –
шчасьця з рога,
а чарту лукаваму–
дальняя дарога…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG