Са словаў суразмоўцы, ДТЗ адбылося ля Давыд-Гарадка на высокім і абледзянелым участку аб’езнай дарогі. Кіроўца грузавога аўтамабіля, які перавозіў зьмену памежнікаў (14 чалавек), ня справіўся з кіраваньнем, машына зьехала з трасы і перакулілася.
У Давыд-Гарадоцкім гарадзкім Савеце паведамілі, што сёньня на месцы трагедыі працуюць спэцыялісты Дзяржаўнага памежнага камітэту. Групу ўзначальвае намесьнік старшыні гэтага камітэту Анатоль Лапо. Ваенная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу.
Начальнік прэс-цэнтру Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка паведаміў журналістам, што зьмена памежнікаў накіроўвалася на ахову беларуска-ўкраінскай мяжы, якая праходзіць на Мерлінскім палігоне.
Мерлінскі (Столінскі) палігон быў створаны ў 1962 годзе. Тады людзей гвалтоўна павысялялі з хутароў і паселішчаў, каб вызваліць месца для трэніровак у бомбаскідваньні для авіяцыі краінаў Варшаўскай дамовы.