Сёньня ўвечары ў Менску ў сядзібе партыі БНФ адбылася прэзэнтацыя пятнаццатай кнігі сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”, якой сталі мэмуары Пётры Садоўскага “Мой шыбалет”. Гэтым старазапаветным словам першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне назваў нацыянальную і этнічную адрознасьць беларусаў ад іншых народаў ды распавёў пра свой шлях да самаўсьведамленьня.
Імпрэзу адкрыў калега аўтара кнігі па Вярхоўным Савеце XII скліканьня і па філялягічнай рупнасьці старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі. А потым слова папрасіў першы міністар замежных спраў незалежнай Беларусі Пятро Краўчанка, які нагадаў прысутным пра ролю спадара Садоўскага ва ўсталяваньні міжнародных стасункаў:
“Лепшага пасла ў нашай гісторыі не было і я ня ведаю ці будзе. Яго інтэлект, яго шляхетнасьць, яго разважлівасьць сьведчылі пра тое, што чалавек ідэальна падыходзіць для гэтай пасады. І тое, што мы маем добрыя эканамічныя стасункі зь Нямеччынай да гэтага часу, гэта заслуга Пятра Садоўскага”.
Выступае Пятро Краўчанка
У кнізе шмат старонак пра нямецкі, так бы мовіць, пэрыяд жыцьця аўтара. Але многія з тых выступоўцаў, хто ўжо яе прачытаў, выказвалі захапленьне ад успамінаў пра яго дзяцінства. Зямляк спадара Садоўскага пісьменьнік Уладзімер Арлоў сказаў пра невыпадковасьць таленту аўтара “Майго шыбалету”:
Выступае Ўладзімер Арлоў
“Гэта сапраўды ўнікальнае выданьне, якое асабліва дарагое мне, таму што напісанае пра маю родную Полаччыну, пра Прыдзьвіньне, пра той абшар, дзе жывуць людзі, надзеленыя полацкім мэнталітэтам, пра які Рыгор Барадулін калісьці напісаў: “Ёсьць Беларусь, а гэта значыць — ёсьць полацкі мэнталітэт!”
Кожны з чытачоў знойдзе ў кнізе Пётры Садоўскага старонкі для сваёй душы, бо пад яе сінімі вокладкамі ўмясьціўся і навуковы трактат пра мову, і лірычная паэма пра маленства, і публіцыстычныя нататкі аналітыка. Што, на думку палітыка і мовазнаўцы Вінцука Вячоркі ёсьць адзнакай сучаснага мысьленьня:
“Пётра Садоўскі ёсьць для мяне ўвасабленьне такога сынкрэтычнага і абсалютна адэкватнага сучаснасьці чалавека. Так як і яго кніга — сынкрэтычная, так як жыцьцё, напісанае ў гэтай кнізе, — сынкрэтычнае, так як здольнасьці аўтара — сынкрэтычныя”.
Спадар Вячорка выказаў спадзяваньне, што аўтар не паставіць кропкі гэтай кнігай і заклікаў прылюдна даць абяцаньне напісаць слоўнік Садоўскага. Той не адмаўляўся і прачытаў урывак з будучай кнігі, зазначыўшы:
“Гэта — зноў жа пра мову, бо яна галоўны герой і гэтай маёй кнігі”.
Прэзэнтацыя адбывалася нязмушана, выступоўцы і аўтар шмат жартавалі. Вось адзін зь іх на адрас дырэктара нашага радыё Аляксандра Лукашука:
“Ты будзеш у нас цяпер Лукашук-Кухта”.
Гаворыць Пётра Садоўскі
Сваю квінтэсэнцыю прэзэнтаванае кнігі спадар Лукашук зрабіў сур’ёзна:
Выступае Аляксандар Лукашук
“Права на мэмуары не дае колькасьць пражытых гадоў. Права на мэмуары не дае ўдзел у падзеях. Якія адбываліся пад час жыцьця. Права на мэмуары не дае валоданьне мовы і ўменьне пісаць. Права на мэмуары даюць свабода і шчасьце.
Адрэй Сахараў некалі абраў эпіграфам да сваіх мэмуараў радкі Гётэ: “Свабоды й шчасьця варты толькі той, хто дзеля іх ідзе штодня на бой. Пётра Садоўскі абраў эпіграфам старапазапаветны шыбалет. А мог і радкі Янкі Купалы пра тры дарожанькі, адна зь якіх вядзе ў родную межаньку. Таму што — гэта кніга чалавека, для якога шлях да сябе і радзімы і ёсьць свабода і шчасьце”.