Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Міжнародная дэмакратычная супольнасьць сёньня адзначае 60-я ўгодкі абвяшчэньня Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Выказваньне слухача на гэтую тэму:
Cпадар: “У календары дзень так званага кастрычніцкага перавароту пазначаны колерам чырвоным. А дзень аховы правоў чалавека — колерам чорным. На адным баку дзяржаўная ўлада, карупцыя. А табе кажуць: твае правы яны рашаюць праз адно вакно, толькі дзе яно? Дзе ў беларуса правы? У якіх кутох чуваць яны? Выйдзеш без дазволу ўлад на сходку — атрымаеш плётку. Трымаеш бел-чырвона-белы сьцяг, герб “Пагоня” — дубінка дагоне. Выходзіць, што ад улады інструкцыя стаіць значна вышэй, чым наша Канстытуцыя”.
Пра цырымонію пахаваньня маскоўскага патрыярха Аляксія ІІ наступнае выказваньне:
Cпадар: “Зараз літургія ператварылася ў шоў.... Мяне абрадавала, што наш Аляксандар Рыгоравіч таксама прыехаў разьвітацца, і адзіны з усіх кіраўнікоў Расеі ён абрад выканаў: пакланіўся, пацалаваў куды належыць без усялякіх хрышчэньняў, маленьняў і так далей...”
Незалежнае выданьне “Наша Ніва” абвясьціла, што з мэтай пашырэньня чытацкай аўдыторыі газэта будзе друкавацца паводле школьнага правапісу. З гэтай нагоды слухачка задае пытаньне:
Тацяна Барэль, Асіповічы: “Мне хацелася б спытацца ў спадара Дынько, калі большасьць запатрабуе выдаваць “Нашу Ніву” на расейскай мове, таму што лягчэй чытаць на рускай мове, ці будзе ён выдаваць “Нашу Ніву” на замежнай мове?”
Адказвае шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько:
“Прынцып “Нашай Нівы” — гэта мова, а ня правапіс. Правапісы былі розныя, а мова была і заўжды будзе беларуская”.
Наступнае пытаньне — у зьвязку зь міжнародным фінансавым крызісам:
Спадар: “Паважаная Свабода, у мяне пытаньне: дайце разуменьне народу адносна становішча даляра і беларускага рубля. Гэта будзе вельмі добры падарунак для ўсіх нас, беларусаў”.
Адказвае былы кіраўнік Нацыянальнага банку, эканаміст Станіслаў Багданкевіч:
“Тое, што на грашовым рынку адбывалася з далярам — гэта ягонае рэзкае зьніжэньне адносна эўра — было не зусім аб'ектыўным працэсам. І зараз, у зьвязку з крызісам, ідзе ягонае ўсталяваньне адносна эўра. Мяркую, што суадносіны спыняцца на ўзроўні прыкладна 1,2 даляра за эўра цягам бліжэйшага году. Што тычыцца беларускай нацыянальнай валюты, то я мяркую, што ёй наканаваная дэвальвацыя. І каб забясьпечыць плаўную дэвальвацыю, то варта распачынаць яе сёньня, і наш нацыянальны банк яе ўжо распачаў”.