Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз і праваслаўнае адзінства пасьля Алексія


Сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, які знаходзіцца зь візытам у Маскве, возьме ўдзел у пахаваньні патрыярха Аляксія ІІ. А ці ўдасца яму вырашыць нейкія палітычныя ці эканамічныя пытаньні?

На пахаваньні патрыярха Алексія ІІ акрамя Аляксандра Лукашэнкі будуць таксама прысутнічаць лідэры непрызнаных рэспублік Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.
Паводле кіраўніка прэзыдэнцкай прэсавай службы Паўла Лёгкага, падчас візыту ніякіх афіцыйных сустрэчаў не заплянавана:
“Якая праграма візыту? Удзел у жалобных мерапрыемствах. Усё. Нейкія асобныя спэцыяльныя сустрэчы не плянуюцца”.
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае, што Масква закусіла губу ад таго, што афіцыйны Менск дагэтуль не прызнаў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Ён не выключае, што ў Маскве зноў паспрабуюць састыкаваць лідэраў непрызнаных рэспублік з Аляксандрам Лукашэнкам, як гэта адбылося ў Сочы. Аднак цяперашні візыт у Маскву — даніна стасункам, якія склаліся паміж РПЦ і беларускім кіраўніцтвам:
“Хаця пік гэтых стасункаў ужо ў мінулым. Бо пэўны час ідэолягі ў атачэньні беларускага прэзыдэнта вельмі актыўна прасоўвалі менавіта такую праваслаўную ідэалёгію. І гэта было вельмі зьвязана з інтэграцыйным праектам, “саюзным будаўніцтвам”. Адпаведна і ўнутры Беларусі быў падпісаны своеасаблівы канкардат, і праваслаўнай царкве надавалася вялікае значэньне ў ідэалягічным выхаваньні насельніцтва. Але зараз, паколькі разбураны саюзны праект, адпаведна аслабла і гэтая сувязь, гэты імпэт”.
1 сьнежня візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву быў сарваны з-за таго, што кіраўніцтва Расеі адмовілася абмяркоўваць прапанаваныя афіцыйным Менскам “знакавыя” саюзныя праекты. Расейскі бок настойвае на праекце Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы, у якой кіраўніку Беларусі адводзіцца пасада віцэ-прэзыдэнта.
Адмыслоўцы не выключаюць, што гэты візыт у Маскву Аляксандар Лукашэнка можа выкарыстаць і для вырашэньня нейкіх палітычных і эканамічных пытаньняў. Спадар Класкоўскі адзначыў:
“Іншае пытаньне, ці захоча тут пайсьці насустрач расейскае кіраўніцтва? Бо зараз яно вытрымлівае паўзу і чакае, пакуль афіцыйны Менск дасьпее для таго, каб накінуць яму больш жорсткія ўмовы”.

На здымку : яшчэ сёлета патрыярх Алексій ІІ наведаў Беларусь і Украіну з нагоды 1020 ўгодкаў хрышчэньня Русі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG