Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі жыве каля паўмільёна інвалідаў


Сёньня – Міжнародны дзень інвалідаў. У Беларусі жыве каля паўмільёна інвалідаў. З іх 30 тысяч – маладыя людзі ва ўзросьце да 18 гадоў, 4 тысячы – дзеці. Штогод лік інвалідаў у Беларусі павялічваецца на 50 тысяч чалавек.

Упершыню Генеральная Асамблея ААН абвясьціла міжнародны дзень інвалідаў 16 гадоў таму. Штогод 3 сьнежня газэты стракацяць загалоўкамі аб дапамозе інвалідам з боку дзяржавы.

Насамрэч 3 сьнежня ў краіне адбываецца мноства мэрапрыемстваў, у якіх бяруць удзел інваліды, але потым пра іх ізноў забываюцца.
Адна з маіх суразмоўніц, Дар’я Ліс, ёй 27 гадоў, яна інвалід зь дзяцінства. Як сама яна кажа, яе хвароба абазначаецца трыма лацінскімі літарамі SMA – спінальная мышачная атрафія. Яна ня лечыцца ні ў нас, ні на Захадзе.

Дар’я ня вельмі хоча распавядаць пра ўсе цяжкасьці свайго жыцьця. Яе пэнсія складае 330 тысяч рублёў у месяц. Яна імкнецца працаваць, скончыла завочна філялягічны факультэт, друкуе ў газэтах матэрыялы на гістарычную й сацыяльную тэматыку.
Але калі я пытаюся пра дапамогу з боку дзяржавы, то кажа адназначна:

“Каб не падтрымка сям’і, давялося б вельмі цяжка. Дзякуй Богу, што яны падтрымліваюцть мяне фінансава й маральна”.
Мы разважаем з Дар’яй аб тым, якая дапамога найбольш патрэбная ўсім інвалідам Беларусі. Дар’я са свайго горкага досьведу прыходзіць да наступнай высновы.

“Я б дала магчымасьць маладым інвалідам вучыцца й працаваць, каб быць паўнавартаснымі грамадзянамі сваёй краіны, каб дапамагаць краіне, а ня толькі прасіць у яе дапамогі. Таму што многія інваліды вымушаны прасіць дапамогі, хаця ў іншых абставінах яны б усё зрабілі самі. Проста ў іх няма шанцаў самім зарабляць і быць самастойнымі”.

Валеры Петрыкевіч інвалід першай групы ужо два гады. У яго 42 гады настаўніцкага стажу. Але цяпер ён мае хваробу Рыкленгаўзэна, з цяжкасьцю ходзіць.

Спадар Валеры кажа, што жыцьцё інвалідаў у Беларусі такое ж, як і ў звычайных людзей: нікому ты не патрэбны, калі сам нечага ня можаш.

“Паставілі на чаргу ўставіць зубы, але ўжо два гады стаю й ніхто ня кліча мяне. Я год ляжаў, а потым пачаў езьдзіць на калясцы, надавалі мне тады талёнаў на дармовы транспарт, а потым усе гэтыя ільготы адмянілі й так нічога й не скарыстаў”.

Пытаюся спадара Валеры, што на яго думку, самае цяжкае для інваліда ў Беларусі?

“Самае цяжкае, калі людзі забудуць цябе, праўда, са мной гэта ня здарылася. Паплечнікі, сябры па працы мяне не забываюць”.
Спадар Валеры кажа, што дагэтуль дзяржава ня здолела вырашыць для інвалідаў праблемы мізэрнай пэнсіі, дарагіх лекаў, жахлівых праблемаў з перамяшчэннем у транспарце, непрыстасаваных грамадзкіх прыбіральняў і ходнікаў нават каля дзяржаўных устаноў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG