Праваабаронца Юрась Жыдовіч паведаміў, што Жанну Абрамаву, Юрку Бакура і Івана Стасюка даставілі ў Ленінскі РАУС Берасьця.
“Відавочна, што пакуль міліцыянты цягнуць час, вядуць кансультацыі з начальствам пра магчымую меру пакараньня”, — удакладніў Юры Жыдовіч.
Жанну Абрамаву, актывістку апазыцыі зь Берасьця, сёлета ў красавіку двойчы затрымлівалі па падазрэньні ва ўчыненьні нібыта крымінальнага злачынства (усе гэтыя справы пасьля былі спыненыя). У першым выпадку Жанну Абрамаву трымалі ў пастарунку 61 гадзіну, другі раз — 72 гадзіны.
У лістападзе паводле рашэньня суду Маскоўскага раёну Берасьця Жанну Абрамаву выселілі з кватэры, не прапануючы іншага жыльлёвага памяшканьня. Суд пагадзіўся зь меркаваньнем ЖЭСу, што Жанна была прапісаная ў дзяржаўнай кватэры паводле дамовы паднайму. А паколькі наймальніца, яе бабуля, памерла ў 2005 годзе, то дамова паднайму касуецца аўтаматычна.
Са словаў праваабаронцы Юрыя Жыдовіча, фактычна выселілі ня толькі Жанну, але і яе маці і дзьвюх сясьцёр — дарослую Інгу і шасьцігадовую хворую Марыяну.
Цяпер сям’я аспрэчвае правамоцнасьць рашэньня аб прымусовым высяленьні ў судзе вышэйшай інстанцыі.