Паводле статыстыкі, ад 1997 году ў Беларусі ад ВІЧ-інфікаваных маці нарадзіліся амаль 1500 дзяцей. Страшны дыягназ спраўдзіўся ў больш як 130 дзяцей, восем зь іх памерлі.
Як патлумачылі ў цэнтры прафіляктыкі, дзеці ад ВІЧ-інфікаваных бацькоў апынаюцца ва ўстановах выхаваньня і адукацыі пад абавязковым мэдычным кантролем.
Лічыцца, што прафіляктыка ВІЧ-інфэкцыі ў школе — прыярытэтны кірунак. Міністэрства адукацыі выпускае загады, каб нават першаклясьнікі былі ўзброеныя ведамі пра гісторыю віруса і хваробы, якую ён нясе. Аднак насамрэч, як паведаміла доктарка Сьвятлана Сергіенка, настаўнікі або адмаўляюцца, або ня ўмеюць тлумачыць гэтую праблему малым.
“У прынцыпе, гэтыя спэцыяльныя праграмы ўваходзяць у школьныя і вывучэньне іх павінна ісьці зь першай клясы, але на месцах зь імі знаёмяць падлеткаў 11—12 гадоў”, — адзначыла суразмоўца.
Рэспубліканскі цэнтар прафіляктыкі СНІДу крытычна ставіцца да ўзроўню інфармацыйна-папераджальнай працы ў школьных установах. Загадчыца аддзяленьня, лекарка Лілія Мялешка, пераконвае, што ў групе ВІЧ-інфікаваных усё яшчэ шмат нават 15-гадовых. Лекарка робіць высновы:
“Праца па прадухіленьні СНІДу сапраўды ўплывае на зьмены ў паводзінах моладзі. Так, калі ў Беларусі ў 1996 годзе сярод хворых на СНІД было 24 працэнты моладзі ад 15 да 19 гадоў, то цяпер гэтая катэгорыя дае толькі да трох працэнтаў”.
Удакладню, што на сёньня нават тры працэнты ад агульнай колькасьці ВІЧ-інфікаваных у Беларусі — гэта 270 чалавек. Некаторыя зь іх вучацца ў выпускных клясах сярэдніх школ.