Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвалід-пікетовец дамогся жытла


Інваліду-вазочніку Ўладзімеру Вусікаву, які пікетаваньнем магілёўскага гарвыканкаму дамагаўся аднаўленьня ў чарзе на сацыяльнае жытло, выдзелены пакой у Доме вэтэранаў.


Пра гэта яму пісьмова паведамілі спачатку з Кастрычніцкага райвыканкаму Магілёва, а потым і з гарвыканкаму. У Доме вэтэранаў чакаюць Уладзімера Вусікава пры канцы гэтага тыдня. Сам жа інвалід ужо пакуе рэчы.

Уладзімера Вусікава зьнялі з чаргі на сацыяльнае жытло ў 2004 годзе. Паводле інваліда, сацыяльныя службы тлумачылі гэта тым, што пэнсія ў яго перавышала пражытковы мінімум на сто пяцьдзясят тысяч рублёў. Сёлета ў верасьні спадар Вусікаў зладзіў пікет ля гарвыканкаму. Акрамя аднаўленьня ў чарзе ён патрабаваў, каб яму кампэнсавалі кошт пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэньне. 28 кастрычніка за гэтую акцыю пратэсту Ленінскі суд Магілёва пакараў яго штрафам у памеры сямідзесяці тысяч рублёў. Яго інвалід яшчэ не сплаціў.

І вось днямі Ўладзімеру Вусікаву паведамілі, што яму выдзелены пакой № 87 у Доме вэтэранаў па вуліцы Бялыніцкага-Бірулі:

“Прыйшло мне спавешчаньне з Кастрычніцкага райвыканкаму пра тое, што мне выдзелілі жытло. І потым прыйшло з гарвыканкаму спавешчаньне, што Кастрычніцкі райвыканкам выдзеліў мне пакой у доме вэтэранаў. Яно падпісанае намесьнікам старшыні гарвыканкаму Цітком. Я, як гаворыцца, — задаволены”, — зазначае спадар Вусікаў.

У Доме вэтэранаў паведамілі, што Ўладзімера Вусікава чакаюць пры канцы тыдня.

“Гэты тыдзень мы займаемся рамонтам ягонай кватэры. Вось літаральна заўтра-пасьлязаўтра падсохне фарба, і няхай пераяжджае”, — паведаміў дырэктар Дома вэтэранаў Сяргей Шаркоў.

А ці прыстасаваны той пакой да патрэбаў бязногага інваліда-вазочніка?

“Калі ўжо чалавек заяжджае, мы ў асобных кватэрах перастаўляем дзьверы ў санвузлы. Шырэй ставім. Выключальнікі пераносім, гэта ўжо як пад каго робім”, — кажа Сяргей Шаркоў.

Паводле яго, у Доме вэтэранаў цяпер жыве сямнаццаць інвалідаў-вазочнікаў. Акрамя таго, зазначае спадар Шаркоў, часта старыя спатыкаюцца й ламаюць сабе шыйку сьцягна, і тады яны таксама вымушаныя садзіцца ў вазкі.

Што да Ўладзімера Вусікава, то сёньня ён аддаў пашпарт на прапіску і пакуе рэчы для пераезду.

Уладзімер Вусікаў яшчэ пакуль жыве ў двухпакаёвай кватэры з двума дарослымі сынамі, унукам і жонкай, зь якой ён чатырнаццаць гадоў у разводзе. Пад’езд дома, дзе ён жыве, не прыстасаваны для інваліда-вазочніка. Каб дабрацца да ліфта, інвалід сам змайстраваў адкідны драўляны пандус.

Уладзімеру Вусікаву 63 гады. Ён інвалід першай групы. Ад 2002 году прыкуты да вазка. У 2000 годзе праз хваробу сэрца яму спачатку ампутавалі адну нагу, а праз два гады — другую.

Уладзімер Вусікаў лічыць, што дамагчыся жытла яму дапамаглі й журналісты недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, гарадзкія ж дзяржаўныя СМІ яго не падтрымалі:

“Па Радыё Свабода я чуў два разы пра суд і пра тое, што я з транспарантамі стаяў. Я тэлефанаваў намесьнікам галоўных рэдактараў і рэдактарам тэлефанаваў, яны самі не маглі мне нічога афіцыйна сказаць. Наагул мне раілі тэлефанаваць у нейкае бюро інфармацыі, а самі адмаўляліся”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG