Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сёньня нам усім патрэбна непамятазлоб'е"


Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – мастак Алесь Пушкін. Яму 43 гады. Праходзіў службу ў Аўганістане. Працаваў у Віцебску і Магілёве, пасьля 1994 году зьехаў у мястэчка Бобр. Расьпісаў царкву, дзе і павянчаўся, мае дваіх дзяцей. Піша і рэстаўруе абразы, карціны, робіць росьпісы, вітражы, займаецца мастацтвам пэрформансу. Працы знаходзяцца ў касьцёлах і цэрквах Беларусі, у прыватных зборах Беларусі, Расеі, Латвіі, Нямеччыны, Польшчы, Фінляндыі, ЗША, у Музэі сучаснага мастацтва РБ, у Полацкай карціннай галерэі, у музэі Ўладзімера Караткевіча ў Воршы.

Пушкіна неаднаразова затрымлівалі і судзілі за арганізацыю "няправільных" акцыяў. На мінулым тыдні мастак быў жорстка зьбіты падпітымі мясцовымі хлопцамі. За тое, што размаўляў па-беларуску. Міліцыянты хацелі распачаць крымінальную справу, аднак пацярпелы мастак вырашыў лёс хлопцаў іншым чынам: прымусіў пакаяцца ў царкве: “Далей Гасподзь разьбярэцца, а сёньня нам усім патрэбна непамятазлоб'е".

Цягам тыдня Алесь Пушкін будзе разважаць аб рэальных жыцьцёвых сытуацыях, якія выводзяць на асэнсаваньне праблемы таемства пакаяньня. Ён просіць дыскутаваць, дзяліцца сваімі думкамі праз свабодаўскі аўтаадказьнік і сайт, дзе будуць зьмяшчацца гэтыя маналёгі. Некаму яны могуць падацца абсалютна эксцэнтрычнымі, іншым – надзвычай сумленнымі. А напрыканцы тыдня прагучыць перадача, дзе будуць падсумаваныя гэтыя водгукі і развагі – "Дараваньне: калі, каму і ці заўсёды?".

Каб лепш адрэкамэндаваць асобу грамадзкага рэдактара тыдня Алеся Пушкіна, зьмяшчаем частку ягоных адказаў слухачам Радыё Свабода.

– Адкуль у вас такое прозьвішча? Якія тыповыя рэакцыі ці жарты вы чуеце, калі прадстаўляецеся? Не хацелі б іншага прозьвішча?

– Я заўсёды падкрэсьліваю пры вітаньні: злобны беларускі нацыяналіст з парадаксальным прозьвішчам Пушкін. Прозьвішча спрадвечна бобраўскае.

– Алесь, як да вас ставяцца ў Бабры мясцовыя людзі?

– Дзеці і моладзь вітаюцца і галосяць: "Жыве Беларусь!", а бабулі і дзядулі пахмурна не вітаюцца і апускаюць вочы; калі я ім кажу "Добры дзень" – не адказваюць.

– Цi можа мастак адчуваць сябе абсалютна свабодным у сваёй творчасьцi ў сучаснай Беларусi? Як вы вырашаеце гэтае пытанне для сябе?

– Немажліва. Але працэнтаў на 80 я адчуваю сябе свабодным у творчасьці і ў жыцьці. А 20% залежнасьці – гэта залежнасьць ад блізкіх, ад сям'і, ня трэба быць эгаістам.

– Якi колер павiнен быць у нашай рэвалюцыi: "джынс" цi белы?

– І ня джынс, і ня белы, а бел-чырвона-белы. Але я супраць рэвалюцыі.

– Ці магчыма аб'яднаць апазыцыйных палітыкаў на грунце нацыянальнай ідэі, калі не, то чаму?

– Ня трэба аб'ядноўвацца, ствараць рухі на нацыянальнай глебе, нейкія кааліцыі палітычныя. Хутчэй за ўсё, ціхая нясьпешная праца на сваёй дзялянцы – гэта і ёсьць наша вельмі абгрунтаваная і сур'ёзная воля, каб Беларусь жыла. Я аптыміст. Цяпер настолькі пайшло нацыянальнае жыцьцё ўшыркі і ўглыбкі, што мы можам цалкам аўтаномна на сваім полі дзейнасьці рабіць нацыянальную справу, і не за гарамі вынік – я ў гэтым упэўнены. Марна зьбіраць непадобных адзін да аднаго людзей. Гэта крывадушна, калі людзі клянуцца, зьбіраюцца на кангрэсы, а потым ідуць сваім шляхам.

У той жа час фармаваць маладыя душы паходамі, зборамі, сэмінарамі – гэта неабходна, гэта павінна быць, гэта павінны рабіць партыі, ТБМ, грамадзкія аб'яднаньні, скаўты, гэтую працу сыстэматычна трэба некаму рабіць прафэсійна. Бо дзяржава гэтага ня робіць.

– Алесь, памятаю ваш скандальны пэрформанс, прысьвечаны “камуністам і жыдам”. Вашыя погляды памяняліся?

– Цяпер я мару аб Беларусі і з жыдамі, і з камуністамі, і самае сьмешнае, што цяпер, калі пераважна зьехалі і габрэі, і камуністы, у нас у Беларусі няма беларускага. Таму адчуваю пэўную разгубленасьць.

Тады, у 1988 годзе, выходзіла шмат кніг, дзе было паказана, колькі працэнтаў габрэяў рабілі рэвалюцыю, і казалі, што ўва ўсім
вінаваты жыды, а я дадаў – і камуністы. Аказалася, ні жыды, ні камуністы не вінаватыя ў нашых бедах, хутчэй за ўсё – мы самі. Адсюль разгубленасьць, ад гэтага спазнаньня.

– Дарагі Алесь, адкажы калі ласка: якая з нашых партыяў табе найбольш даспадобы і чаму? Хто любімы беларускі палітык?

– Зь існых у Беларусі партыяў мне даспадобы дзьве: Партыя аматараў піва, якую стварыў Андрэй Рамашэўскі, і другая партыя – Партыя зялёных, якія змагаюцца за чысьціню нашай Беларусі. Чаго не магу сказаць пра астатнія палітычныя партыі. Любімы палітык, які значны ўплыў на мяне аказвае дагэтуль, чые адозвы я чытаю і сачу за ацэнкай сытуацыі – Зянон Пазьняк.

– Вам, пэўна, дзеўкі праходу не даюць?.. Дапамагае гэта ў творчасьці ці перашкаджае?

– Вельмі дапамагае, бо мастак павінен быць заўсёды ў цудоўным настроі душы, а каханьне – і ёсьць настрой душы. Вядома, яно цяпер не такое, як да таго, калі я быў жанаты, але... Але я вельмі захапляюся новымі пачуцьцямі...

– Што для вас выяўленчы сымбаль Беларусі?

– Жанчына-беларусачка зь ейнымі вачыма, поўнымі сьлёз, прыгожым станам, расхінутымі ў любові... рукамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG