Макет помніка распрацаваў магілёўскі скульптар Андрэй Вераб’ёў. Высечаныя адбіткі далоняў на камяні – асноўны элемэнт. Паводле задумы майстра, калі чалавек дакранаецца да далоні, ён адчувае душу загіблага ў гета чалавека. Гэты помнік для спадара Вераб’ёва асаблівы:
“У першую чаргу, безумоўна, думалася пра ахвяраў і пра тое, што кожны чалавек хоча жыць. Гэтыя людзі ўяўляліся ў далоні, якія сымбалізуюць іх душы, іх зварот да Бога, іх жаданьне жыць… Я задаволены: атрымалася нестандартна й, па-мойму, досыць выразна. Ідэя, здаецца, прачытваецца”.
У першую чаргу, безумоўна, думалася пра ахвяраў і пра тое, што кожны чалавек хоча жыць
Дарэчы й сам камень таксама сымбаль. Яго прывезьлі зь некалі габрэйскага мястэчка Эсьмоны, што на Бялыніччыне. За часамі фашысцкай акупацыі тамтэйшыя жыхары амаль усе былі расстраляныя.
Усталяваньня помніка ў Магілёве мясцовая габрэйская грамада дамагалася не адзін год. На яго выраб сродкі зьбіралі талакой. Грошы ахвяравалі больш за 200 чалавек.
Пры ўсёй важнасьці сёньняшняй падзеі ёсьць аднак і нараканьні да помніка. Надпіс на ім зроблены на іўрыце й расейскай мове. Адна зь ініцыятарак, дасьледніца Галакосту на Магілёўшчыне Іда Шэндэровіч, прызнае: на гэты конт ёй давялося выслухаць ужо шмат прэтэнзіяў:
“Гэта балючае пытаньне, я згодная. І нам за гэта ўжо дасталася. У нас прадугледжана дадатковая паверхня. Туды мы можам нешта ўносіць. Там можна будзе ўпісаць на іншых мовах таксама. Але цяпер мы былі абмежаваныя ў часе й сродках”.
Паводле Іды Шэндэровіч, ганілі ініцыятараў ня толькі за адсутнасьць беларускай мовы, але й за ідыш – мову, на якой гаварылі нявольнікі гета.
Фашысты пачалі зьнішчаць габрэяў Магілёву 2 кастрычніка 1941-га году. Тады было забіта больш за дзьве тысячы чалавек. Нявольнікаў гета расстрэльвалі ў некалькі этапаў. Дакладная колькасьць ахвяраў дагэтуль невядомая. У гістарычнай літаратуры лічбы вагаюцца ад васьмі да дванаццаці тысяч. Тут расстрэльвалі яшчэ габрэяў, прывезеных са Слоніма й Польшчы. Памятныя знакі ўсталяваныя на месцах найбольш масавых пахаваньняў: на габрэйскіх могілках у Магілёве, а таксама ў магілёўскіх прадмесьцях: Любужы, Казіміраўцы, Пашкаве. Толькі на адным помніку, на габрэйскіх могілках, напісана, што тут ляжаць расстраляныя габрэі. На астатніх фармулёўка іншая — расстраляныя савецкія грамадзяне.
Цяпер у Магілёве жыве каля шасьці тысяч габрэяў, у вобласьці – каля дванаццаці.
Што да дзён культуры Ізраілю ў горадзе, то акрамя адкрыцьця помніка заплянаваныя выстава ізраільскай літаратуры, мастацтва, а таксама дэманстрацыя дакумэнтальных і мастацкіх стужак у кінатэатрах.