Жалобнае шэсьце ад гадзіньнікавага заводу пачынала некалькі соцень чалавек, да Курапатаў калёна вырасла амаль да тысячы ўдзельнікаў. Паводле традыцыі, людзі несьлі ў курапацкі мэмарыял крыжы, сьцягі, кветкі, сьвечкі і сьпявалі нацыянальныя гімны.
Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі патлумачыў сёлетні выбар месца збору і маршруту штогадовай традыцыяй:
“Мы традыцыйна падаем заяўку на Дзяды, на маршрут, літара ў літару, як і год, і пяць назад. Бо калі даецца дазвол у мінулым годзе, калі не зьменены фармат мерапрыемства ў гэтым, то мы бачым, што і ва ўладаў няма падставаў мець нейкія прэтэнзіі”.
У калёне дэманстрантаў ад гадзіньнікавага заводу апрача сябраў КХП БНФ ішлі актывісты арганізацый “Маладая Беларусь”, Хрысьцяінскай дэмакратыі, “Ініцыятывы”. Гаворыць адзін зь лідэраў апошняй былы палітвязень Андрэй Кім:
“Важна шанаваць продкаў, мінулае, таму што гісторыя – гэта тое, што мусіць нам дапамагчы не паўтарыць памылак мінулага”.
Мастак Алесь Пушкін нёс у час шэсьця партрэт праваслаўнага сьвятара ўласнай работы:
"Нясу я партрэт Георгія Бортніка, кананізаванага сьвятога, беларускага сьвятара, які быў растраляны ў 1952 годзе за беларускую мову, за тое, што быў беларусам і хацеў незалежнай Беларусі".
Алесь Пушкін прадэманстраваў дакумэнт, у якім мітрапаліт Філарэт забараніў разьмяшчаць партрэт сьвятара Георгія Бортніка ў праваслаўных цэрквах.
У часе трохгадзіннага шэсьця ў Курапаты калёна адзін раз спынілася -- на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Каліноўскага, месцы, дзе пачыналася шэсьце на Дзяды 20 гадоў таму:
На гэтым месцы актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі зазначыў:
“Той дзень стаў знакавым для беларускага народу, мы ўзьняліся з каленяў. Сталі нацыяй і народам. 20 гадоў назад пачаўся шлях да новай Беларусі. Ён працягваецца, і мы да яе прыйдзем”.