Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзяды”: два шэсьці — адзін мітынг?


Улады дазволілі і прадстаўнікам Партыі БНФ, і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ правядзеньне масавых мерапрыемстваў, прысьвечаных Дню памяці продкаў “Дзяды”.


Менгарвыканкам даў дазвол на правядзеньне шэсьця, Менскі аблвыканкам — дазвол на правядзеньне мітынгу ў Курапатах. Партыя БНФ абвяшчае збор удзельнікаў шэсьця апоўдні, кажа намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

Віктар Івашкевіч
“Ускладаем кветкі Васілю Быкаву, Уладзімеру Караткевічу, Ігару Герменчуку, Генадзю Карпенку, іншым дзеячам. А 12:30 плянуем выхад калёны ад Маскоўскіх могілак па праспэкце, вуліцы Каліноўскага, Лагойскім тракце да Курапатаў. Мітынг дазволены”.

Паралельна заяўку на правядзеньне аналягічнай акцыі падала і Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ, і таксама атрымала дазвол Менгарвыканкаму. Намесьнік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі кажа:

“Збор удзельнікаў шэсьця з 10:00 да 11 гадзін на пляцоўцы каля гадзіньнікавага заводу. Пачатак шэсьця аб 11:00 і да 14:30. У Курапатах мітынг да 17 гадзіны”.

Чаму абодва заяўнікі — партыя БНФ і партыя КХП-БНФ — ідуць рознымі шляхамі? Чаму ў такі сьвяты дзень не прыйсьці да згоды і не знайсьці паразуменьне? Юрась Беленькі выказаў такое меркаваньне:

Юрась Беленькі
“Тое, што розныя арганізацыі на Дзяды праводзяць розныя мерапрыемствы — гэта добра. Але ёсьць ужо традыцыя, што на гэтую агульнанацыянальную акцыю заяўнікам выступае Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Астатнія ўсе мерапрыемствы носяць лякальны характар. Калі лякальныя акцыі будуць так сплянаваныя, што іх завяршэньне будзе адбывацца разам з агульнанацыянальнай акцыяй, гэта добра”.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч кажа, што аргумэнтацыя Партыі БНФ, чаму збор менавіта каля Ўсходніх могілак, цалкам абгрунтаваная:

“20 гадоў таму менавіта там мы зьбіраліся, менавіта гэтым шляхам ішлі”.

Карэспандэнтка: “А ў Курапатах таксама два мітынгі будзе?”

“Не. Маё асабістае меркаваньне — надта там мітынгаваць няма чаго. Я думаю, што ад нас выступіць адзін Лявон Баршчэўскі, можа, Уладзімер Арлоў. І ўсё. Кветкі да курапацкіх крыжоў, шэсьце пад бел-чырвона-белымі сьцягамі — вось сэнс”.

Напярэдадні Дзядоў, 1 лістапада, у Курапатах адбудзецца традыцыйная талака.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG