Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Шмыгалёў: адзін з тых, хто расказаў пра Курапаты


Яўген Шмыгалёў пайшоў з жыцьця 1 верасьня 2000 году, яму было 72. Разам зь Зянонам Пазьняком Яўген Шмыгалёў быў аўтарам таго самага першага артыкулу ў ЛіМе, зь якога беларусы дазналіся, што такое Курапаты, і чаму дарога туды была дарогай сьмерці.

“Курапаты – дарога сьмерці”, – называўся артыкул, надрукаваны ў газэце “Літаратура і мастацтва" 3 чэрвеня 1988 году. Аўтарамі былі Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў.
Сёньня імя Яўгена Шмыгалёва згадваюць рэдка, і ў гэтым – відавочная недарэчная несправядлівасьць, лічыць гісторык, дасьледчык гісторыі савецкіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў:
“Шмыгалёў пачынаў, як і Пазьняк – аднолькава.Чалавек здольны быў на гэткі крок: падпісацца пад гэткім артыкулам разам... Нідзе асабліва ягонае імя не гучала, і вельмі сумна, што чалавек, які гэтак шмат зрабіў – што памяць пра яго неяк сышла і засталася толькі ў кантэксьце гэтага артыкула...”
Той артыкул запусьціў прынцыпова новыя рухавікі найноўшай гісторыі Беларусі, згадвае Ігар Кузьняцоў:
“Перадрукоўку зрабілі шмат якія выданьні, на расейскую мову пераклалі расейскія выданьні. Гэта быў інфармацыйны выбух, тая самая кропка адліку, адкуль сёньня ёсьць дваццацігодзьдзе Дзядоў... Прычым кропкай адліку было не само адкрыцьцё – калі знайшлі гэтае месца – а менавіта момант, калі быў надрукаваны артыкул у “ЛіМе”...
Яўген Шмыгалёў працаваў інжынэрам-канструктарам на заводзе Леніна. Гісторыя Беларусі была яго справай жыцьця па-за працай, распавядае ягоная дачка Ірына:
“Бацька ўсё жыцьцё марыў стаць гісторыкам. Але склалася так, што спачатку ён пайшоў у ваенную вучэльню – трэба было неяк выжываць і дапамагаць сям’і. А потым скончыў Палітэх і працаваў на Белвары. Але гісторыя скрозь жыцьцё была найвялікшым захапленьнем, гісторыя Беларусі. Сабраў неблагую бібліятэку, гісторыя для яго была ўсім”...
Аб’езьдзіў на ровары паўкраіны, адусюль вёз мапы беларускіх гарадоў і кнігі, – расказвае пра мужа жонка Яўгена Шмыгалёва спадарыня Соф’я. Тыя часы, калі выйшаў лёсавызначальны для Беларусі артыкул, ня сьцерліся з памяці, нягледзячы на мінуўшыя 20 гадоў. Распавядае мастак, сябра суполкі “Пагоня” Мікола Купава:
“Яўген Ігнатавіч – гэта быў чалавек афіцэрскага вышкаленьня і патрыёт – унікальнае спалучэньне і зьява для савецкіх часоў надзвычай рэдкая... Таму што як правіла гэта было дэнацыяналізаванае грамадзтва... Яўген Шмыгалёў – гэта быў чалавек вельмі вартасны, вельмі важны, і ў нашым далейшым руху мы абавязкова павінны яго згадаць, у тым ліку на гэтыя Дзяды, як пра аднаго з тых нашых папярэднікаў, нашых суайчыньнікаў, зь якімі мы жылі, працавалі, хадзілі, дыхалі адным паветрам... І, на жаль, ён ужо таксама той Дзед, пра якога мы будзем памятаць і згадваць”...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG