Са 109-ці, хто прагаласаваў, “за” выказаліся 107 дэпутатаў, “супраць” - 1, і 1 бюлетэнь прызнаны несапраўдным.
Уладзімер Андрэйчанка нарадзіўся ў 1949 годзе ў в. Мар'янова Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці. У 1968 годзе скончыў Лужасьнянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, у 1977 годзе - Велікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут (Расея), у 1988 годзе - Менскую вышэйшую партыйную школу. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Пасьля службы ў шэрагах Узброеных сіл з 1970 году быў на камсамольскай, партыйнай і гаспадарчай рабоце ў Лёзьненскім раёне. У 1981-1991 гадах - начальнік упраўленьня сельскай гаспадаркі, старшыня Лёзьненскага райвыканкаму, першы сакратар Верхнядзьвінскага райкому КПБ. У 1991-1994 гадах - першы намесьнік старшыні, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і забесьпячэньню насельніцтва прадуктамі харчаваньня Віцебскага аблвыканкама. Зь лістапада 1994 году - старшыня Віцебскага аблвыканкама. Быў чальцом Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трох скліканьняў.
На пасаду віцэ-сьпікера парлямэнту высунуты старшыня райвыканкаму Шклоўскага раёну Валеры Іваноў.
Валеры Іваноў 1955 года нараджэньня. Двойчы абіраўся чальцом Савета Рэспублікі. З 2004 года працуе старшынёй райвыканкаму Шклоўскага раёну. Кандыдатуру Іванова вылучыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка.
***
У парадку дня сёньняшняй сэсіі сем пытаньняў. Усе яны тычацца абраньня новага кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў, стварэньня сталых камісій і асабістага складу чальцоў гэтых камісіяў.
Згодна з рэглямэнтам сьпікер і ягоны намесьнік абіраюцца праз патаемнае галасаваньне.