Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адмаўляецца ад беларускага малака і мяса


Расея з 1 лістапада 2008 году забараняе ўвоз у краіну малочнай прадукцыі і мяса птушкі з 20 беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэтае рашэньне паведамляе сёньня прэс-рэліз Расейскага сельскагаспадарчага нагляду. Якімі наступствамі пагражае гэта айчыннай перапрацоўчай галіне?

Пра першую афіцыйную рэакцыю беларускага боку “Свабодзе” ўдалося даведацца ў галоўным упраўленьні вэтэрынарыі Дзяржаўнай інспэкцыі Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня.


“Усе панікуюць! Усе!”

“Усе панікуюць! Усе!” — заявіў адзін з кіраўнікоў установы Віктар Аладко. — Вы ж цудоўна разумееце, што сёньня прадпрыемствы, якія арыентаваныя на экспарт сваёй прадукцыі, вядома, будуць панікаваць”.

У адказ на пытаньне, ці неспадзяваным было рашэньне Рассельгаснагляду, чыноўнік заяўляе:

“Мы яшчэ самі не пасьпелі папрацаваць над гэтай інфармацыяй. Наша міністэрства ёй толкам яшчэ не валодае. А журналісты ўжо, як мухі, з усіх бакоў абляпілі…”


“Куды падзець тое, што вырабілі?”

Увозіць прадукцыю на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі забаронена, у прыватнасьці, чатыром прадпрыемствам Магілёўшчыны. Сытуацыю высьвятляў журналіст Андрэй Белагубаў:

“Масла- і сыраробчыя заводы з Слаўгарада, Мсьціслава, Чавусаў ды Шклова да паловы сваёй прадукцыі прадаюць у Расеі. Працуе на іх агулам блізу адной тысячы чалавек. Яны вырабляюць прыкладна аднолькавы асартымэнт тавараў — сыры, масла, тварог, казэін, малочны цукар.

Паводле галоўнага інжынэра Чавускага масларобчага заводу Ўладзімера Гурскага, у
“Назьбіралася многа прадукцыі. Расея ня брала цэлае лета. Былі праблемы са збытам.
Расею прадукцыя не пастаўляецца зь лета.

“Назьбіралася многа прадукцыі. Расея ня брала цэлае лета. Былі праблемы са збытам. Куды падзець тое, што вырабілі? Мы на склад працавалі. Узімку таксама забарона была. Потым давалі дазвол, працяг. Можа так здарыцца й цяпер. Гэта дзяржаўнае пытаньне, таму я ня ведаю, якое будзе рашэньне. Мы людзі такія, прадаём паціху. Ну, такая сытуацыя склалася”, — зазначае Ўладзімер Гурскі.


“Нас пра крызіс не інфармуюць”

У ліку 20 прадпрыемстваў, якім Расея забараняе ўвозіць прадукцыю, апынуўся і Веткаўскі малочны завод.

Пра эканамічную сытуацыю, у якую патрапіла прадпрыемства, шараговыя працаўнікі ня ведаюць.

“Нас пра гэта не інфармуюць. Я цяпер працую адзін, без напарніка — ён у адпачынку. Каля пяцісот тысяч атрымаю заробку. А напарнік выйдзе, атрымаю 250 ці 270 тысяч — ня ведаю, колькі налічаць”, — прызнаецца спадар Мікалай.

На Стаўбунскай фэрме, якая цяпер далучаная да Веткаўскага малаказаводу, людзі таксама запалоханыя. Гаворыць адна з тамтэйшых даярак:

“Перацягай тры тоны сіласу, паскрабі ўсё, замяці. Малавата плацяць за нашу працу. Каб нармальна плацілі, лягчэй было б. А то шчыплеш гэтыя капейкі ад палучкі да палучкі”.


У “чорны сьпіс” трапіла найлепшае прадпрыемства Берасьцейшчыны

У “чорны сьпіс” Расеі трапіла сумеснае адкрытае акцыянэрнае таварыства “Ляхавіцкі малочны завод”. Цяпер яно перапрацоўвае да 230 тон малака ў суткі, вырабляе больш як 50 найменьняў прадукцыі і лічыцца найлепшым прадпрыемствам галіны на Берасьцейшчыне.

Дырэктар СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” Вячаслаў Жукоўскі кажа, што забарона на ўвоз прадукцыі ў
Малочнае пытаньне ператварылася менавіта ў палітычнае.
Расею стала вынікам “дрэннай палітыкі” дзьвюх суседніх дзяржаваў. Ён тлумачыць:

“Маё асабістае перакананьне: палітыка ніколі не павінна пераплятацца з вытворчымі адносінамі. А малочнае пытаньне ператварылася менавіта ў палітычнае. У Расеі шмат чаго чакаюць ад Беларусі. Вырашаць будзем ня мы”.


“Трэба было чакаць, што Расея ўздымае сваю малочную галіну”

Канкрэтную прычыну, чаму забаронены экспарт беларускіх прадуктаў, называе кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка:

“Трэба было чакаць, што Расея ўздымае сваю малочную вытворчасьць. У іх сёлета добры ўраджай, трывалая кармавая база для нарошчваньня вытворчасьці малака. Таму расейскія лабісты выключаюць са справы беларусаў”.

Рассельгаснагляд сёньня ўдакладніў, што забарона распаўсюджваецца на прадукцыю наступных беларускіх прадпрыемстваў:


  • ААТ “Маладэчанскі гармалзавод”,
  • ААТ “Смалявіцкі малочны завод”,
  • ААТ “Верхнядзьвінскі масласырзавод”,
  • ААТ “Сеньненскі завод САМ”,
  • КУП “Веткаўскі малочны завод”,
  • СААТ “Белсыр”,
  • ІААТ “Мілкімпарт-Айс”,
  • ААТ “Горацкі масларобчы-сыраробчы завод”,
  • ААТ “Слаўгарадзкі масларобчы-сыраробчы завод”,
  • ААТ “Мсьціслаўскі масларобчы-сыраробчы завод”,
  • ААТ “Чавускі масларобчы-сыраробчы завод”,
  • ААТ “Шклоўскі масларобчы завод”,
  • ААТ “Пружанскі малочны завод”,
  • СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”,
  • ААТ “Шчучынскі масласырзавод”,
  • ААТ “Вілейскі гармалзавод”,
  • ААТ “Нарачанскі масласырзавод”,
  • ААТ “Асіповіцкі малочны камбінат”,
  • ААТ “Лідзкі малочнакансэрвавы камбінат”
  • ААТ “Кобрынская птушкафабрыка”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG