Шмат якія крэдытныя лініі, перадусім для фізычных асобаў, згорнутыя. Бальшыня камэрцыйных банкаў прыпыніла аўтакрэдытаваньне і выдачу доўгатэрміновых іпатэчных крэдытаў. Установы, якія па-ранейшаму рэклямуюць свае паслугі, рэзка падвысілі працэнтныя стаўкі па крэдытах. “Узаемнасьцю” адказваюць і спажыўцы — фіксуецца ўсё больш выпадкаў, калі людзі ня здольныя выконваць узятыя на сябе некалі фінансавыя абавязкі.
Цягам 2007—2008 гадоў у Беларусі назіраўся ўстойлівы “крэдытны бум”. Адносна стабільныя прыбыткі дазволілі беларусам далучыцца да даўняга дасягненьня цывілізацыі — жыць у крэдыт, ня маючы дастатковых вольных сродкаў. Цяпер амаль 90% долевага будаўніцтва ажыцьцяўляецца з дапамогай банкавых пазыкаў, больш за 60% новых аўтамабіляў купляецца ў растэрміноўку. Не саступаюць ім у папулярнасьці крэдыты на спажывецкія патрэбы, на разьвіцьцё малога бізнэсу, на навучаньне і г.д. Адзін толькі банк “Масква-Мінск” па згаданых ды іншых спажывецкіх лініях ужо выпусьціў 40 тысяч крэдытных картак.
Аднак у зьвязку з крызісам, які ўжо спаралізаваў шмат якія эканамічныя сфэры па ўсім сьвеце, у апошні час беларускія банкі часьцей адмаўляюць кліентам у крэдытаваньні, чым даюць дабро на супрацоўніцтва. Экспэрт у галіне нерухомасьці Яўген Кашэўскі кажа, што адна з падставаў — сумневы ў крэдытаздольнасьці насельніцтва. За некалькі апошніх тыдняў выявілася тэндэнцыя да спазьненьня з тэрмінамі плацяжоў, акрэсьленых дамовамі, і нават няздольнасьць пэўнай часткі людзей плаціць увогуле:
“Невяртаньні зьвязаныя найперш з крэдытамі на будоўлю жыльля. Людзі набіралі крэдытаў, будавалі кватэры, калі расьлі кошты — у
Пры цяперашніх коштах нават налічаныя банкам працэнты не кампэнсуюцца.
У зьвязку з нэгатыўнымі тэндэнцыямі на фінансавым рынку многія банкі прыпынілі крэдытаваньне ў самых запатрабаваных галінах. Найперш гэта тычыцца будаўніцтва нерухомасьці і набыцьця дарагіх тавараў.
Па-другое, замест звыклых яшчэ нядаўна крэдытаў у валюце некаторыя ўстановы прапануюць рублёвую альтэрнатыву, але пад зусім іншыя працэнты. Прыкладам, крэдытаваньне на набыцьцё аўтамабіляў у беларускіх рублях — пад 19—21% гадавых. А яшчэ некалькі месяцаў таму аналягічны крэдыт можна было ўзяць у далярах пад 12,5%. Дарэчы, аўтакрэдытаваньне, якое апошнім часам надзвычай пашырылася, таксама перайшло для банкаў у “групу рызыкі”. Адзін зь лідэраў на гэтым рынку — “Белгазпрамбанк” — на мінулым тыдні ўвогуле спыніў такія паслугі.
Экспэрты тлумачаць сытуацыю тым, што калі пазыка на будаўніцтва кватэры звычайна доўгатэрміновая і штомесячныя выплаты не такія адчувальныя, то разьлічыцца за новую ці не зусім старую машыну трэба за 3—5 гадоў; як правіла, сумы аплаты вагаюцца ў межах 300—400 даляраў кожны месяц у залежнасьці ад мадэлі. Тое, што было пад’ёмна яшчэ нейкі час таму, сёньня кладзецца на пакупніка сур’ёзным цяжарам.
Колішні кіраўнік Беларускай аўтамабільнай фэдэрацыі, заснавальнік спэцыялізаванай газэты “Аўтадайджэст” Анатоль Шаўчэнка кажа, што ў цяперашняй сытуацыі новы аўтамабіль робіцца ўсё большай раскошай — выкласьці значную суму жывымі грашыма здолеюць хіба адзінкі, асноўная ж маса пакуль што ня бачыць магчымасьці крэдытавацца па новых стаўках:
“Нават тыя, хто браў крэдыты раней (я ведаю шмат выпадкаў), ня ўсе пасьпелі выплаціць. І зараз ідзе хваля, — яна пакрысе, дзень пры
Зараз ідзе хваля, — яна пакрысе, дзень пры дні ўзмацняецца, — невяртаньня крэдытаў.
Сусьветны крызіс істотна пашырае рамкі спажывецкага крэдытаваньня. Сёньня дарадца ў эканамічных пытаньнях амбасады Расеі ў Менску Андрэй Кузьняцоў заявіў, што фінансавы крызіс паўплывае на ўмовы выдзяленьня Беларусі расейскага стабілізацыйнага крэдыту. Тэхнічныя дэталі не ўдакладняюцца, але ён аргумэнтаваў гэта тым, што “зьмяніліся ўмовы прыцягненьня крэдытных рэсурсаў на сусьветным рынку”. Нагадаем, Менск просіць у Масквы пазыку на суму 2 мільярды даляраў. Летась Беларусь ужо атрымала ад Расеі на выгадных умовах 1,5 мільярда даляраў.