Маладзечна, напэўна, адзіны горад у Беларусі, дзе на Цэнтральнай плошчы стаяць адразу два помнікі цалкам супрацьлеглай “ідэалягічнай” накіраванасьці: узьнесены на гранітны пастамент у атачэнні шэрага асфальту Ленін паглядае на валун, аздоблены клюмбамі з кветкамі, крыжам Эўфрасіньні Полацкай і шыльдай “Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі”. Пазначаны галубамі, “правадыр сусьветнага пралетарыяту” стаіць тут з пасьляваенных часоў, памяць пакутнікаў ушанавалі 18 гадоў таму.
Як расказаў былы школьны настаўнік гісторыі, тагачасны дэпутат гарсавету Лявон Цімохін, гэты помнік зьявіўся ў Маладзечне дзякуючы намаганьням чатырох чалавек. Праект зрабіў архітэктар Юры Белановіч, мастацкае афармленьне – Сьвятаслаў Палівода, дырэктар заводу ЖБІ Івашкевіч адказваў за тэхнічную частку, а сам Цімохін – за арганізатарскую.
Лявон Цімохін: “Івашкевіч прыгнаў экскаватар, вырылі яму і літаральна за гадзіну пад фундамент вылілі больш, чым 30 кубоў бэтону. Застыў гэты бэтон, добрай вельмі маркі быў, і хутка прывезлі камень і паставілі. А Святаслаў Палівода знайшоў старога каваля, які выкаваў крыж Эўфрасіньні Полацкай, які і разьмясьцілі на гэтым помніку і ўмацавалі шыльду, дзе напісана: “Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі”. Усё зрабілі практычна за адзін дзень, а потым ужо паведамілі ўладам”.
Кіраваў горадам у той час Генадзь Карпенка. Паводле настаўніка, ён ня толькі станоўча паставіўся да зробленага, але й загадаў правесьці ўрачыстае адкрыцьцё і асьвяціць новы помнік.
Лявон Цімохін: “Праваслаўны сьвятар, каталіцкія і ўніяцкія сьвятары асьвяцілі гэты помнік. Адбылася сумесная, першая ў гісторыі Беларусі сумесная служба – імша. І помнік быў адкрыты”.
Праз пэўны час, калі ўжо не было ў Маладзечне Генадзя Карпенкі, а ў гарсавеце не засталося ніводнага дэмакрата, улады ўсур’ёз ставілі пытаньне аб зносе помніка.
Лявон Цімохін: “Такая ідэя абмяркоўвалася. Але ўрэшце прыйшлі да рашэньня, што ня трэба гэтага рабіць, і толькі папсавалі шыльду: там быў бел-чырвона-белы сьцяжок, і яго пры дапамозе нейкай машынкі сашмаравалі”.
Сёньня помнік “Пакутнікам” стаў улюбёным месцам “паломніцтва” маладажонаў. Да яго яны абавязкова ўскладаюць кветкі. Да Леніна ж прыходзяць толькі нешматлікія мясцовыя камуністы і ўлады падчас дзяржаўных і рэвалюцыйных сьвятаў.
Маладзечанскага мастака Міколу Аўчыньнікава ў горадзе больш ведаюць не па яго працах, а як загадчыка катэдры выяўленчага мастацтва гімназіі-каледжа з мастацкім ухілам. Гэта пры тым, што большую частку вялікай калекцыі прац мастака складаюць пейзажы Маладзечаншчыны, краявіды горада, мястэчак і вёсак. Іх у яго каля 100. Справа ў тым, што ў родным горадзе выстаў мясцовых майстроў амаль не праводзяць. Апошняя ў Аўчыньнікава была ў 2006 годзе. Часьцей запрашаюць выставіцца за мяжой – у Нямеччыне, Чэхіі, Польшчы, Швэцыі і нават у Этыёпіі. Колькі пэйзажаў маладзечаншчыны засталося там, мастак нават не лічыў.
Аўчыньнікаў: “У Швэцыі засталося прац 20, калі ня больш. У Нямеччыне яшчэ больш – прац 30 засталося. У Польшчы таксама ня слаба. Я ўлік не вяду, але не адзін дзясятак і там”.
Між тым нарадзіўся мастак на Гомельшчыне, а вучыўся ў Віцебску. Але, кажа ён, тутэйшыя краявіды ўразілі яго найбольш за ўсе астатнія.
Аўчыньнікаў: “Там, дзе я вырас, гэта раўнінная мясьціна, гэта роўнае балота, калі адна вёска відаць з аднаго боку, праз 3-4 кілямэтры другая вёска відаць. Сястра мая ў Мядзелі жыла, і я некалькі разоў праяжджаў праз Маладзечна. І мяне вельмі ўразіла розьніца краявідаў. З узгоркамі, з камянямі, якія на Гомельшчыне вельмі рэдкія – ляднік не закрануў тую тэрыторыю. Як мастаку мне было цікава паглядзець на ўсе гэтыя рэчы іншым позіркам. Яшчэ – раней гэта было вельмі зручнае месца, калі за 1,5 гадзіны можна было даехаць да Менску, а за 2 – да Вільні. А тое, што часта бываў у Вільні, дадавала глыток сьвежага паветра. У нас было вельмі кансэрватыўнае мастацтва, а Прыбалтыка 30-40 гадоў таму дыхала іншым паветрам”.
Карэспандэнт: “Дарэчы, пра глыток свабоды: ці ўпэўнены вы, што любы сюжэт, які вы захочаце намаляваць, сёньня патрапіць на выставу?”
Аўчыньнікаў: “Мяркую, што любы не патрапіць. У любым варыянце ў нас прысутнічае адбор прац. Асабліва гэта сталася ў апошні час. Я лічу, што мастацтва павінна быць вольным. Таму што яно дае нейкі стымул для разьвіцьця грамадзтва ўвогуле. Калі мы будзем рабіць з мастацтва нейкую адну прамую лінію, якая б не давала людзям магчымасьці разважаць – і разважаць ня толькі пра мастацтва, бо мастацтва наўпрост зьвязана з жыцьцём – тады і грамадзтва ня будзе дынамічна разьвівацца”.
Чакаючы сустрэчы з мастаком, спадзяваўся правесьці час на якой-небудзь выставе мясцовых творцаў. Але нічога так і не знайшоў. Нават выставачнай залі.
Карэспандэнт: “Наколькі маладзечанскія ўлады падтрымліваюць і цікавяцца мастацтвам?”
Аўчыньнікаў: “З гэтым ёсць складанасьці. І ў нашым рэгіёне, і ў горадзе. Да гэтага часу ў нас няма пастаянна дзеючай выставачнай залі, у нас няма карціннай галерэі, няма салёна-магазіна. Для такога горада, які налічвае 100 тысяч насельніцтва, тут магла б быць не адна галерэя, можа быць, не адна выставачная заля. Гэтая праблема існуе колькі я тут жыву – пытаньне стаіць, але яно не вырашаецца”.
Калі Мікола Аўчыньнікаў самы вядомы прапагандыст маладзечаншчыны сярод мясцовых мастакоў, то супрацоўнік Цэнтральнай раённай бібліятэкі Міхась Казлоўскі робіць тое ж, але ў галіне краязнаўства. Ён і нашу размову пачаў з хваласьпеву Маладзечанскаму краю.
Казлоўскі: “Маладзечну пашчасьціла ў тым, што жылі тут вельмі цікавыя людзі. Тут жыў Мікола Ермаловіч, Генадзь Каханоўскі, Вячаслаў Ляшковіч, Пятро Бітэль, Уладзімір Зянько…Гэтыя людзі рабілі канкрэтную справу. Таму я лічу, што маладзечаншчына самы спрыяльны край для краязнаўства, для літаратуразнаўства, для гісторыі. Ды і для шмат чаго іншага, што ўключае паняцьце “культурнае жыцьцё Беларусі”.
Што тычыцца “канкрэтнай справы”, зробленай, да прыкладу, Міколам Ермаловічам і Генадзем Каханоўскім, то Міхась Казлоўскі прыгадвае напісаныя гэтымі людзьмі кнігі. “А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю”, “Повязь часоў”, “Маладзечна”, “Археалёгія і гістарычнае краязнаўства Беларусі 16-19 стагодзьдзя” ды іншыя Каханоўскага. “Гістарычная Беларусь” ды “Беларуская дзяржава Вялікага княства Літоўскага” Ермаловіча і г.д.
Казлоўскі: “Павага і пашана да гэтых людзей у нашым горадзе і раёне адчуваецца. Але не да канца аддадзенае належнае іх памяці. Гэтыя людзі даўно пайшлі з жыцьця. Таго ж Генадзя Каханоўскага 15 гадоў няма на гэтым сьвеце, але не перавыдаюцца яго кнігі, не пастаўлены адпаведнага ўзроўню помнік гэтаму чалавеку. Тое самае можна сказаць і пра Ермаловіча. Трэба займацца грунтоўным вывучэньнем іх жыцця, дзейнасьці. І кніжкі перавыдаваць. Калі кнігі доўгі час не выходзяць, то паступова, жадаюць ці не людзі, адбываецца забыцьцё”.
На пытаньне ж: што для ажыцьцяўленьня ўсяго ім пералічанага робяць мясцовыя ўлады, коратка адказаў – робяць, што могуць, але грошай на ўсё, нібыта, не хапае. Адначасова зазначыўшы, што і гэтая праца, і краязнаўства ўвогуле дасюль застаецца справай энтузіястаў, а не дзяржаўнай. Таму і людзей, кшталту Ермаловіча альбо Каханоўскага ў апошні час не зьяўляецца. Ня толькі ў Маладзечне, але і ва ўсёй Беларусі.
Яшчэ адной знакамітасьцю лічаць у Маладзечне мясцовага прадпрымальніка Мікалая Апяцёнка. Крыху больш за год таму яму ўдалося “праславіць” родны горад, тутэйшае кіраўніцтва і яго “праграму эканамічнага цуда” на ўсю краіну. А ўвесь “цуд” быў у тым, што прадпрымальнікаў прымушалі гандляваць харчовымі таварамі амаль выключна мясцовай вытворчасьці. Нават з суседняга раёну нельга было прывозіць кілбасу альбо піва, бо ў горадзе ёсць свае і мясакамбінат, і піўзавод. І неяк спрачацца з райвыканкамам было марна.
Апяцёнак: “Давялося гэтаму пытаньню даць пагалоску праз прэсу і шляхам звароту ў Міністэрства гандлю. Была “прамая лінія” з намесьнікам міністра, і быў адказ у “Рэспубліцы” на наша пытаньне, што гэта антызаконна і парушае антыманапольнае заканадаўства, але, як кажуць, “воз і сёньня там”.
Напачатку ўлады нават нібыта суцішыліся са сваімі ініцыятывамі. Але, як высьветлілася ў размове з Мікалаем Апяцёнкам, не надоўга.
Апяцёнак: “Яны як стаялі на сваім, так і стаяць. Маўляў, наш мясакамбінат – гэта наш мясакамбінат, і калі ня хочаце праблем, то маўчыце. А ня тое да вас прыйдуць пажарныя, да вас прыйдзе санстанцыя, да вас прыйдзе Дзяржкантроль... Амаль ці не КДБ пагражалі. Да гэтага даходзіць, і я гатовы адказваць за свае словы. Калі гэта ня так, гатовы сябе спаліць на плошчы каля райвыканкаму ў Маладзечне!”
Ня толькі гэтая няўступлівасьць і жаданне адстаяць свае правы вызначае прадпрымальніка, але і ўедлівасьць. Нейкім чынам ён даведаўся пра праверку, якую на мясцовым мясакамбінаце праводзіў Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Менаблвыканкаму. Падчас яе выявілася, што на камбінаце скралі 60 тон мяса. Справу замялі, ніхто не пацярпеў. Акрамя прадпрымальнікаў. На думку Апяцёнка, прымушаючы прадпрымальнікаў выкупаць з камбіната кілбасу, якую гараджане ня хочуць набываць, улады пакрываюць страты прадпрыемства. І ён пра гэта гучна гаворыць. Праўда, сам лічыць, што апазыцыянэрам яго называюць не за гэта.
Апяцёнак: “У нашай дзяржаве ня могуць бяз ворага. У Маладзечне таксама шукаюць вінаватага. Ва ўсім. І з асяродку прадпрымальнікаў на гэтую “пасаду” чамусьці вылучылі мяне. Я не ўваходжу ні ў якую партыю, а проста люблю сваю радзіму. Ну, не падабаецца мне адзін чалавек у нашай краіне, яго паводзіны! Але калі ён паказвае ўсяму свету, як нельга ставіцца да жанчыны, то чаму я яго павінен любіць і паважаць?!”
Прадпрымальніку не падабаецца, што законы ў адносінах да прыватнага бізнесу мяняюцца ледзь не штомесяц. Што няма ўпэўненасці і праграмы ўраду, у якую можна паверыць. Што паступова беларускі рынак аддаюць замежнаму бізнэсу, а сваіх толькі душаць. Шмат не падабаецца. Але калі я запытаўся ў яго, што б можна было зрабіць, каб нешта зьмяніць, нечакана ён сам зьвярнуўся да чыноўнікаў.