“Такія прапановы з Масквы гучалі яшчэ ў той час, калі я ачольваў Нацыянальны банк. І мы тады адказалі так: “Мы згодныя на такі варыянт, але пры ўмове, што і Расея будзе купляць нашы тавары за беларускія рублі. На гэтым тады ўся справа і скончылася”.
На пытаньне, што азначае для Беларусі пераход у разьліках з Расеяй на расейскія рублі, прафэсар Багданкевіч адказаў так:
“Я баюся, што сьледам за энэрганосьбітамі Масква прапануе перайсьці на расейскі рубель пры разьліках па ўсіх таварах. Сёлета адмоўнае сальда з Расеяй ужо дасягнула васьмі мільярдаў даляраў. У нейкай ступені яно кампэнсуецца на іншых замежных рынках, адкуль да нас ідзе валюта. А цяпер уявіце, што 8 мільярдаў даляраў трэба перавесьці у расейскія рублі. На гэтай апэрацыі Беларусь дадаткова страціць ад 3 да 5% гэтай сумы. Вось вам і незаплянаваныя выдаткі”.