Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У футболе па-беларуску — толькі жодзінскае “Тарпэда”


З экранаў зьніклі спартовыя рэпартажы на беларускай мове, практычна няма беларускамоўнага гукавога суправаджэньня падчас матчаў на стадыёнах.

Сёньня ў Менску ў рамках адборачнага турніру да Чэмпіянату сьвету 2010 году сустракаюцца зборныя Беларусі і Англіі. На стадыёне “Дынама” за гульнёй будуць сачыць каля 30 тысяч беларускіх заўзятараў і больш за 3 тысячы ангельскіх фанатаў. І калі патрыятычны дух брытанцаў вядомы далёка за межамі “туманнага Альбіёну”, то “беларускасьць” беларускага футболу пакідае жадаць лепшага. З экранаў зьніклі спартовыя рэпартажы на беларускай мове, практычна няма беларускамоўнага гукавога суправаджэньня падчас матчаў на стадыёнах, нават прозьвішчы футбалістаў усё часьцей пішуць у расейскай транскрыпцыі.

У нацыянальным першынстве для бальшыні футбольных камандаў працоўная мова — расейская. Дыктары на стадыёне па-расейску абвяшчаюць склады камандаў, таксама па-расейску пішуцца прозьвішчы гульцоў на футболках, на гэтай жа мове аформленыя інтэрнэт-старонкі клюбаў. Адзінае выключэньне з 16 камандаў вышэйшай лігі — жодзінскае “Тарпэда”. Беларускасьць жодзінцаў — непасрэдная заслуга выкладчыка гісторыі ў адной з гарадзкіх школаў Сяргея Пузанкевіча. Па-за школай спадар Пузанкевіч працуе дыктарам на стадыёне, піша артыкулы ў мясцовую газэту і сумяшчае ўсё гэта з пасадай прэс-аташэ “Тарпэда”:

33% прагаласавалі за расейскую мову, а 63% — за беларускую
“Мая ініцыятыва пераходу на беларускую мову была падтрыманая ўжо нябожчыкам Якавам Міхайлавічам Шапірам. То бок ад 2001 году, калі прыйшоў у каманду Шапіра, ён падтрымаў мяне ў гэтым. А ўвогуле я ўжо 15 гадоў пішу артыкулы на беларускай мове пра футбол у жодзінскую газэту. Што тычыцца прозьвішчаў на майках футбалістаў, то мы на сайце каманды выступілі з такой ініцыятывай: ці згодныя вы, каб прозьвішчы гульцоў былі напісаныя па-беларуску? У выніку 33% прагаласавалі за расейскую мову, а 63% — за беларускую. Дырэктар клюбу па выніках апытаньня прыняў рашэньне, і вось ужо два гады прозьвішчы гульцоў у нас пішуцца па-беларуску”.

Карэспандэнт: “Як вы лічыце, чаму ў іншых камандаў такая думка нават не ўзьнікае?”

у Маладэчне склады камандаў дыктар абвяшчае па-беларуску
“Мабыць, проста мэнталітэт наш такі. Прызвычаіліся раўняцца на Расею, як гэта заўсёды было. А пераходзіць на беларускую мову — значыць рабіць штосьці новае, а новае заўсёды цяжка прабівае сабе дарогу. Хоць я ўжо бачу, што ў Маладэчне склады камандаў дыктар абвяшчае па-беларуску, у Гародні дыктар таксама па-беларуску працуе. У Берасьці пакуль дзьвюхмоўнасьць: склады называе па-беларуску, а калі зачытвае штосьці з праграмкі, то па-руску”.

Дыктар Алесь Камароўскі на пачатку 1980-х першым беларусізаваў футбольныя матчы на Беларускім тэлебачаньні. Апроч таго, ён аўтар дзьвюх аповесьцяў пра футбол — “Заварожаны мяч” і “Пэнальці” (дарэчы, у Беларусі гэта адзіны прыклад мастацкай прозы пра сусьветны спорт № 1). Спадар Камароўскі вымушаны канстатаваць, што цяпер усе ягоныя высілкі пушчаныя пад адхон:

“Ніхто ж ужо не вядзе рэпартажы на беларускай мове — ні Ўладзімер Навіцкі, ні Сяргей Новікаў. Я некалі іх вучыў, як кажуць, трэніраваў. А яны цяпер цалкам перайшлі на расейскую мову. Шчыра кажучы, я вельмі засмучаны, бо ўсё гэта вельмі хораша пачыналася. У 1982 годзе, якраз калі “Дынама” стала ўпершыню чэмпіёнам СССР, былі першыя гады, калі я на беларускай мове вёў рэпартажы на тэлебачаньні, на радыё. А цяпер маем вось такі моўны адкат назад. Канечне, мяне гэта засмучае”.

Карэспандэнт: “Ці можна нешта спрабаваць рабіць у гэтых умовах? Ці залежыць штосьці ад волі камэнтатараў?”

Ад камэнтатараў нічога не залежыць, залежыць ад начальства
“Ад камэнтатараў нічога не залежыць, залежыць ад начальства. А вось ад нас, пісьменьнікаў, залежыць многае. Якраз зараз я пішу трэцюю кнігу пра футбол, называецца “Удар залатой бутсы”. Той жа герой, што і ў “Заварожаным мячы”, і ў “Пэнальці”, едзе за мяжу, гуляе за польскую каманду. Толькі ў гэтым застаецца папулярызаваць беларускі футбол. Мы сваю справу робім, а бачыце, як усё атрымоўваецца. І наагул, вы ж самі слухаеце, бачыце, на якую мову перайшло Беларускае тэлебачаньне. Шкада, канечне, але такі, відаць, час, такія ўмовы”.

Цяпер усё часьцей нават у фармальна нацыяналістычных цэнтрах культывуецца не беларуская, а расейская мова. Уладзімер Хільмановіч у сярэдзіне 1990-х вёў па-беларуску футбольныя рэпартажы на Гарадзенскім абласным тэлебачаньні. Узгадвае, што тады да кожнага матчу выпускаліся нават адмысловыя праграмкі на беларускай мове. Цяпер пра былыя подзьвігі даводзіцца казаць у мінулым часе:

Ніводнай перадачы няма аўтарскай беларускамоўнай. Па-мойму, ужо і навіны пераведзеныя на расейскую мову. Татальная русыфікацыя.
“Тады ўвогуле абласная студыя Гарадзенскага тэлебачаньня была практычна беларускамоўная. Але зараз там усё вынішчана, ніводнай перадачы няма аўтарскай беларускамоўнай. Па-мойму, ужо і навіны пераведзеныя на расейскую мову. Татальная русыфікацыя. У гэтым сэнсе Горадня ўвогуле зрусыфікаваная болей, чым іншыя абласныя цэнтры”.

Карэспандэнт: “І ў мясцовага “Нёмана” прозьвішчы футбалістаў на майках напісаныя па-руску?”

“Абсалютна, і так заўсёды было. Нават ніколі не было хоць бы кароткага пэрыяду беларускасьці. Я ж кажу: можна ўжо канстатаваць, што ў Горадні ўсё зрусыфікаванае. Так што сапраўды, толькі ў Жодзіне на кашульках прозьвішчы футбалістаў па-беларуску напісаныя. А што да Горадні, то не — тут ужо татальная русыфікацыя. Тэлевізія цалкам расейская — з усімі беларускамоўнымі аўтарамі кантракты папросту не былі працягнутыя, і ўсё тэлебачаньне пераведзенае на расейскую мову”.

Моўнае бязладзьдзе ў беларускім футболе, як і ў бальшыні іншых сфэраў жыцьця, ужо вядзе нават да карэктаваньня ў артаграфіі. Прыкладам, падчас міжнародных сустрэчаў на ўзроўні нацыянальнай каманды ці клюбаў прозьвішчы футбалістаў на майках звычайна “капіююцца” з пашпартоў гульцоў — то бок лацінкай у беларускай транскрыпцыі. Аднак калі падаюцца тэлевізійныя субтытры, то ў шэрагу выпадкаў прозьвішча чамусьці русыфікуецца.

Як патлумачылі спартовыя экспэрты, напярэдадні кожнай гульні дадзеныя пра футбалістаў спраўджвае для замежнага боку Беларуская фэдэрацыя футболу, якая робіць перапіс, як кажуць, на свой капыл. У некаторых выпадках прозьвішчы перапісваюцца ня з пашпарту, а на слых, і такім мадыфікаваным чынам трапляюць у тэлекарцінку. Дарэчы, да такой самадзейнасьці прыкладаюць руку і мясцовыя, беларускія тэлевізійнікі, якія для трансьляцыі на Беларусь ужываюць уласны, русыфікаваны варыянт напісаньня прозьвішчаў гульцоў.

У Беларускай фэдэрацыі футболу моўную праблему ў беларускім футболе абмяркоўваць адмовіліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG