Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя будзе змагацца за новы Выбарчы кодэкс


Сёньня прэзыдыюм Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі разгледзеў плян дзеяньняў на бліжэйшы час.


Пасьля дыскусіі вырашана сплянаваць працу на паўгода — менавіта на той тэрмін, які Эўразьвяз даў беларускім уладам. Найпершая мэта апазыцыйных лідэраў — змаганьне за перагляд выбарчага заканадаўства.

Віктар Карняенка
Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка кажа, што пасьля апошняй сустрэчы міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу апазыцыі трэба як ніколі ўзважана падыходзіць да сваіх плянаў:

“Наагул, чатыры пункты павінны сёньня нас аб’ядноўваць. Першы — зьмены ў выбарчым заканадаўстве. Другі — адмена артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія дазваляюць палітычны перасьлед. Трэці — канкрэтная дэмакратызацыя мэдыяў. І чацьвёрты — лібэралізацыя і рэгістрацыя дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў. Гэта тыя пункты, якія цягам шасьці месяцаў, з нашага пункту гледжаньня, беларускія ўлады павінны выканаць, каб дыялёг працягваўся. Бо дыялёг — гэта ня значыць, што селі прадстаўнікі апазыцыі, уладаў і Эўропы — і вядуць дыскусію”.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька — лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая цяпер старшынюе ў АДС, — кажа, што зьмена выбарчага заканадаўства выглядае надзвычай важнай. Да гэтай справы АДС хоча прыцягнуць былых кандыдатаў у дэпутаты:

“Тут трэба раіцца з самымі кандыдатамі на прадмет мажлівасьці збору подпісаў. Трэба так арганізаваць моцны ціск на ўлады, каб усё ж зьмяніць Выбарчы кодэкс. Калі гэтага не рабіць звонку і знутры, дык мы зноўку прыйдзем на прэзыдэнцкую кампанію з тым, каб толькі зноўку атрымаць доказы яе недэмакратычнасьці. А не змагацца за перамогу”.

Перш чым зьбіраць подпісы за зьмяненьне выбарчага заканадаўства, аб’яднаныя дэмсілы заплянавалі правесьці насычаную інфармацыйную кампанію сярод выбарцаў. Яны хочуць, каб да гэтай працы далучылася бальшыня былых кандыдатаў у дэпутаты. Выбарцам панясуць два звароты: агульны — ад АДС і другі — ад кандыдатаў у дэпутаты па канкрэтных акругах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG