Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Пастухоў: “Гэта рэпрэсіўны закон”


Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі ў чацьвер прыняла ў другім чытаньні законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”.


Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі ў чацьвер прыняла ў другім чытаньні законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”. Паводле міністра сувязі і тэлефанізацыі Мікалая Панцялея, у законапраекце аформлены патрабаваньні да працэсу стварэньня, эксплюатацыі і дзяржаўнай рэгістрацыі інфармацыйных сыстэм.

Ці выклікаюць некаторыя палажэньні гэтага закону занепакоенасьць з пункту гледжаньня свабоды інфармацыі? Навошта дзяржаўным органам патрэбны гэты закон? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік Цэнтру прававой абароны БАЖ, былы сябра Канстытуцыйнага Суду Міхаіл Пастухоў

Цыганкоў: “Ці можна сказаць, што гэты закон не нясе пагрозы для свабоды слова і інфармацыі ў Беларусі?”

Міхаіл Пастухоў
Пастухоў: “На маю думку, гэта рэпрэсіўны закон, які ўяўляе непасрэдную пагрозу існаваньню незалежных мэдыяў у Беларусі і ў цэлым свабодзе інфармацыі. У законе выбудаваная фактычна ідэалягічная вэртыкаль, вэртыкаль уладных органаў, якія будуць кантраляваць усе плыні інфармацыі, што праходзяць электронныя, друкаваныя СМІ і Інтэрнэт. Узначальваць гэтую вэртыкаль будзе Нацыянальны цэнтар гарантаваньня бясьпекі пры прэзыдэнце РБ. Фактычна ўзводзіцца новая сыстэма органаў, якія будуць ажыцьцяўляць кантроль за інфармацыяй?”

Цыганкоў: “Якія паўнамоцтвы ў гэтых органаў і ў чым іхняя рэпрэсіўнасьць?”

Пастухоў: “У кожнага органа паўнамоцтвы розныя, пачынаючы ад прэзыдэнта, ураду і некаторых міністэрстваў. Нават Нацыянальная акадэмія навук ў сфэры інфарматызацыі будзе ажыцьцяўляць пэўныя паўнамоцтвы, магчыма, зьвязаныя з рэгістрацыяй інфармацыйных рэсурсаў. Больш за тое, на кожным дзяржаўным прадпрыемстве, дзе ёсьць нейкія крыніцы інфармацыі, будуць уведзены пасады людзей, адказных за выкарыстаньне гэтай інфармацыі і яе распаўсюд”.

Цыганкоў: “Ці зьвярталі прадстаўнікі БАЖ увагу на палажэньні гэтага закону, ці яго абмеркаваньне прайшло незаўважаным?”

Пастухоў: “Юрысты БАЖ неаднаразова зьвярталі ўвагу на недакладнасьці, што ёсьць у законапраекце, двойчы мы накіроўвалі нашы аб’ёмныя прапановы і заўвагі. Двойчы мяне запрашалі на пасяджэньне рабочай групы, але ніводная з прынцыповых заўваг і прапаноў не была прынятая рабочай групай.

Мы ўвогуле выступалі супраць прыняцьця гэтага закону. Мы лічым, што далейшая рэглямэнтацыя пытаньняў, зьвязаных з правам на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі, будзе толькі супярэчыць канстытуцыйнаму праву. Дзяржава ўрываецца ў інфармацыйную прастору, фактычна ўводзіцца дзяржаўная манаполія на інфармацыю. Мяркую, гэта і ёсьць галоўная мэта прыняцьця гэтага дзіўнага для эўрапейскіх краін закону”.

На нашу думку, шэраг палажэньняў закону супярэчыць і Канстытуцыі Беларусі (артыкулы 33 і 34, права на свабоду слова і свабоду інфармацыі) і міжнародным стандартам”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG