Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: кошт газу павінен падаць разам з цэнамі на нафту


Місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) прагназуе несуцяшальную эканамічную сытуацыю для Беларусі ў 2009 годзе.


Запавольваньне росту сусьветнай эканомікі адмоўна адаб'ецца на попыце на беларускую прадукцыю за мяжой, а падвышэньне коштаў энэрганосьбітаў прывядзе да пагаршэньня ўмоваў гандлю. Такім чынам, доступ Беларусі да зьнешняга фінансаваньня можа стаць яшчэ больш абмежаваным. Аднак некаторыя беларускія экспэрты лічаць, што выдаткі сусьветнага крызісу могуць мець для Беларусі ня толькі нэгатыўныя наступствы.

Аналітыкі прагназуюць эканамічны спад практычна па ўсім сьвеце. Прычынай — востры крызіс, які ўжо прывёў да абвалу на фінансавых рынках. Крызіс, як прадказваюць эканамісты, бліжэйшым часам будзе паглыбляцца, і ў наступны год бальшыня нацыянальных эканомік уступіць зь вялізным дэфіцытам бюджэту.

Згодна са справаздачай місіі Міжнароднага валютнага фонду, якая працавала ў Беларусі ў верасьні, беларускаму кіраўніцтву
Падвышэньняў цэнаў на энэрганосьбіты давядзецца перакласьці на спажыўцоў
запатрабуецца пошук дадатковых рэсурсаў, каб захаваць дэкляраваную стабільнасьць на тле зьнешніх фактараў. У прыватнасьці, паўстане неабходнасьць кампэнсацыі абвешчанага падвышэньня заробкаў бюджэтнікам, што абавязкова пацягне за сабой скарачэньне дзяржаўных праграмаў, якія фінансуюцца празь дзяржаўныя банкі. Больш значную частку меркаваных падвышэньняў цэнаў на энэрганосьбіты, мяркуюць экспэрты, давядзецца перакласьці на спажыўцоў.

Эканаміст Станіслаў Гусак салідарны зь міжнароднымі экспэртамі наконт таго, што пабудова адзінай у Эўропе “дырэктыўнай эканомікі” ня можа гарантаваць Беларусі месца на ўзбочыне сусьветных працэсаў. Хоць бы таму, што беларускае кіраўніцтва сьвядома “прывязала” нацыянальную эканоміку да расейскай, якая, у сваю чаргу, цяпер у цэнтры фінансавага крызісу:

“Беларусь, як і за камуністычным часам, на 80% мае эканоміку дырэктыўную і цэнтралізаваную. Больш за тое, эканоміка Беларусі — гэта, хутчэй, справа палітычная, а не эканамічная. На гэта перадусім накладаюцца сувязі з Расеяй, нават цэны на паліва ўрэшце дыктуюцца палітычнай сытуацыяй, а не эканамічнай. Таму сказаць, як на нас паўплываюць усе гэтыя пэрыпэтыі, працэсы, што адбываюцца ў сусьветнай эканоміцы, вельмі складана. Гэта можа быць нават адваротнае таму, што робіцца навокал. Лукашэнка што зрабіў? У пабудове дырэктыўнай мадэлі беларускай эканомікі ён дасягнуў “дасканаласьці”. Але на гэтым усё і скончылася, адной дырэктыўнасьці сёньня недастаткова, бо ў гэтым ён цалкам трапіў пад уплыў расейскай палітыкі: усе эканамічныя захады, якія робіць Лукашэнка, амаль 100-працэнтна прадыктаваныя палітычнай воляй Масквы. У сусьветную эканоміку Беларусь інтэгравацца так і ня здолела”.

Наведваючы напярэдадні Камітэт дзяржбясьпекі, Аляксандар Лукашэнка таксама прызнаў, што сусьветны крызіс наўрад ці абміне Беларусь. Ён сказаў: калі абвал фінансавага рынку ў Расеі расьцягнецца на ўвесь наступны год, то гэта адрэзануе і на Беларусі — як стратэгічным партнэры Расеі. У прыватнасьці, заўважыў Лукашэнка, “будзе больш складана прадаваць тавары на экспарт”. Расея -- асноўны пакупнік “зробленага ў Беларусі”.

Адным са станоўчых фактараў фінансавага крызісу лічыцца падзеньне цэнаў на нафту — падарваны крызісам прамысловы сэктар згортвае аб'ёмы вытворчасьці і ўжо ня можа спажываць столькі нафты. Цэны папаўзьлі ўніз, у шэрагу рэгіёнаў гэта спрычынілася да паніжэньня цэнаў на паліва. У такіх умовах церпяць перадусім краіны-нафтатрэйдэры, якія мелі звышпрыбыткі ад рэалізацыі сыравіны на зьнешнія рынкі. У гэтым шэрагу і Расея, якая апошнім часам багацела як на дражджах.

Экспэрт у энэргетычных пытаньнях Валянцін Мацкевіч перакананы: беларускае кіраўніцтва слушна робіць, што не пагаджаецца на ўльтыматумы Крамля аб радыкальным падвышэньні цэнаў на энэргарэсурсы. Ва ўмовах імклівага падзеньня коштаў сыравіны зьяўляецца магчымасьць заашчадзіць. Гэта перадусім тычыцца газавага кантракту на 2009 год:

“Трэба, вядома, браць пад увагу, што ў расейскіх нафтавых кампаній зьявіліся цяжкасьці. Урад Расеі нават разглядаў пытаньне аб выдзяленьні крэдыту нафтавым кампаніям, якія ўзялі вельмі вялікія крэдыты ў замежных банках (гэта, дарэчы, тычыцца і “Газпраму”). Зараз прыйшоў час за крэдыты разьлічвацца, таму фактычна фінансавае становішча ў нафтавых кампаній, а таксама ў “Газпраму”, моцна пагоршылася. Але што тычыцца сытуацыі зь Беларусьсю, то ёсьць нюансы. Калі браць кошт газу, то ён завязаны на нафтавыя кошты. То бок патрабаваньні Расеі, што кошт прыроднага газу для Эўропы павінен быць дзесьці 400—500 даляраў, ужо ня мае ранейшай аргумэнтацыі. Таму, з аднаго боку, прасьцей — палёгка ў тым, што нафта каштуе ўжо меней за 90 даляраў на нью-ёрскай біржы і ёсьць тэндэнцыі чакаць яшчэ большага падзеньня. Можа, з-за гэтага, калі Пуцін быў у Менску, ніякай дамоўленасьці бакі так і не падпісалі”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG