Яны прынесьлі свае пісьмовыя патрабаваньні аб павышэньні заробку й паляпшэньні ўмоў працы старшыні райвыканкаму Мечыславу Касьцюку.
Сёньня раніцай работніцы швейнага цэху атрымалі разьлік за месяц і ўбачылі, што іх заробкі складаюць 170—200 тысяч рублёў. Як сказала нашаму радыё адна з работніц, Галіна, людзі болей ня могуць такога цярпець.
Яны пакінулі працу й пайшлі да райвыканкаму.
Галіна: “Мы напісалі, што нас не задавальняе заробак. Сюды прыйшлі швачкі, якія адпрацавалі па 15—20 гадоў і цяпер атрымліваюць па 170—200 тысяч рублёў. Не задавальняюць нас і ўмовы працы: зімой вельмі холадна ў цэху, тэмпэратура не вышэй за 15 градусаў. Летам сьпёка — няма ні кандыцыянэра, ні вэнтыляцыі, дах цячэ. Няма бытоўкі, прыбіральні нармальнай няма, вада толькі халодная. І не задавальняюць адносіны кіраўніцтва, бо абзываюць нас па-ўсякаму”.
Карэспандэнт: “А ці спрабавалі вы размаўляць з кіраўніцтвам фабрыкі?”
Галіна: “Нам кажуць, што фабрыка стратная, і больш нічога. І сказалі, што трэба яшчэ больш працаваць”.
Пакуль работніцам фабрыкі не ўдалося спаткацца з кіраўніцтвам райвыканкаму. Ім паведамілі, што ўсе ў ад’езьдзе. Але пісьмовыя патрабаваньні прыняў і зарэгістраваў юрыст райвыканкаму.
Са слоў работніц фабрыкі, сёньня страйкуе толькі адзін цэх, але да яго могуць далучыцца і іншыя, бо сытуацыя там падобная, толькі заробак яны атрымліваюць у іншы дзень.