Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Стуб: “Беларусь рухаецца ў правільным кірунку”


Аляксандар Стуб
Аляксандар Стуб

Сёньня ў Менску знаходзіцца дзейны старшыня АБСЭ, міністар замежных спраў Фінляндыі Аляксандар Стуб. Ён сустрэўся са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым, з Аляксандрам Лукашэнкам, увечары мае сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і няўрадавых арганізацыяў.


Аднадзённы візыт у Менск дзейны старшыня АБСЭ Аляксандар Стуб пачаў з сустрэчы зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, на якой адзначыў імкненьне Беларусі быць актыўным сябрам АБСЭ і выказаў намер інтэнсыфікаваць адносіны зь Менскам.

Пазьней адбылася сустрэча спадара Стуба з А.Лукашэнкам. Апошні заявіў на ёй, што Беларусь гатовая супрацоўнічаць з Эўразьвязам пры павазе з боку Эўропы да інтарэсаў і традыцыяў беларускай дзяржавы. “Не патрабуйце ад нас таго, чаго мы сёньня ня можам зрабіць”, — заявіў А. Лукашэнка.

Аляксандар Стуб выказаўся пра магчымасьць нармалізаваць адносіны і пашырыць дыялёг паміж Эўропай і Беларусьсю: “Пара перагарнуць старонку ў адносінах паміж Эўропай і Беларусьсю. Мы адчуваем, што пасьля крызісу ў Грузіі балянс зрушыўся на Ўсход. Унутры Эўразьвязу правільныя настроі, і мы бачым, што Беларусь рухаецца ў правільным кірунку”.

Пры гэтым спадар Стуб прызнаў пазытыўныя зьмены ў парлямэнцкіх выбарах у Беларусі ў 2008 годзе ў параўнаньні з 2004-м.

Пасьля гэтага А. Лукашэнка заявіў: “За сказанае вамі мы гатовыя прагаласаваць, каб вы былі пажыцьцёвым старшынём АБСЭ”.

Перад сустрэчай зь дзейным старшынём АБСЭ беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка меў сустрэчу з кіраўніцтвам КДБ, на якой заявіў, што пасьля мінулых выбараў ня трэба мець ілюзіяў наконт магчымасьцяў разьвіцьця дыялёгу з Захадам. Паводле А. Лукашэнкі, міжнародным назіральнікам ад АБСЭ на гэтых выбарах былі дадзеныя ўсе магчымасьці для назіраньня, але не было дазволена лічыць галасы: “Даць лічыць галасы — гэта прынізіць беларускі народ”, — заявіў А. Лукашэнка.

Тое, што дзейны старшыня АБСЭ сустракаецца як з уладамі, гэтак і з апазыцыяй ды прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, сьведчыць пра збалянсаванасьць ягонага візыту, — лічыць адзін з запрошаных на сустрэчу з Аляксандрам Стубам, Анатоль Лябедзька. Старшыня АГП паведаміў, што перад сустрэчай лідэры АДС правялі кансультацыі і выпрацавалі агульную пазыцыю:

“Мы лічым важнымі і неабходнымі камунікацыі, але зараз хацелі б зафіксаваць увагу міжнароднай супольнасьці на тым, каб у Беларусі ствараліся ўмовы для правядзеньня выбараў, а не іх імітацыя. Мы ня супраць таго, каб здымаліся паступова санкцыі. Але гэта павінна быць прывязана да нейкіх канкрэтных крокаў з боку беларускіх уладаў. І нам падаецца, што ў бліжэйшы час такім крокам магло б стаць зьмяненьне выбарчага заканадаўства і практыкі ягонага прымяненьня”.

На думку спадара Лябедзькі, самае важнае ў гэтым візыце — што канкрэтна прапануе дзейны старшыня АБСЭ афіцыйнаму Менску?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG