Усё яны зьяўляюцца даверанымі асобамі кандыдата ў дэпутаты ад АДС Сяргея Дайнэкі.
Актывісты раздавалі гараджанам газэту “Товарищ”, малафарматныя выданьні “Выбар” і “Глоток воздуха”.
Распаўсюднікаў некаторы час “пасьвілі” людзі ў цывільным. Адзін зь іх нават выхапіў газэты з рук дзяўчынкі, калі яна несла перадаць іх маці.
У 3-м мікрараёне распаўсюднікаў блякавала міліцыя. Два міліцэйскія экіпажы і з выгляду цывільная машына наляцелі са спрытам, вартым лепшага прымяненьня.
Міліцыянты абвінавацілі актывістаў у “распаўсюдзе нелегальнай літаратуры”.
У міліцыі Сьвятлане Міхальчанка паказалі ліст дзейнай дэпутаткі парлямэнту Валянціны Кавалёвай, якая цяпер паўторна балятуецца кандыдатам у дэпутаты ў Сьветлагорскай выбарчай акрузе №46. Яна скардзілася, што канкурэнты распаўсюджваюць супраць яе матэрыялы, якія прыніжаюць яе гонар і годнасьць.
У спадарыні Міхальчанкі забралі паўсотні асобнікаў газэты “Товарищ”, некалькі дзесяткаў асобнікаў “Глотков воздуха” і “Выбару”.
Зьмест газэт вывучаў сьледчы Сяргей Сывараткін, а пасьля й начальнік міліцыі Русіновіч.
Актывістаў адпусьцілі.
А праз некаторы час на кватэру Сьвятланы Міхальчанкі прыехалі трое міліцыянтаў з панятымі й правялі дагляд кватэры. На тое ў іх была пастанова пракуратуры.
У спадарыні Міхальчанкі канфіскавалі па аднаму асобніку малафарматных бюлетэняў: “Левый марш”, “Пересменка”, “Навіны БНФ”, а таксама 17 розных асобнікаў партыйнай газэты “Товарищ”.