Незалежныя назіральнікі адзначылі, што гэтыя лічбы былі заніжаныя. Па дадзеных незалежнага сацыялягічнага апытаньня, у датэрміновым галасаваньні прынялі ўдзел 21% выбарцаў.
Паводле Цэнтравыбаркаму, за два дні датэрміновага галасаваньня ў выбарах узяло ўдзел 7% выбарцаў. Якой жа гэта лічба можа быць па выніках пяцідзённага галасаваньня? Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч сказаў:
«Я думаю, што афіцыйныя дадзеныя будуць, як і раней, у раёне 15%. Але фактычна гэта будзе 20—30%. Нашы назіральнікі ў Савецкім раёне Менску распавядалі, што на адным з участкаў, дзе 1200 выбарцаў і зь іх 800 студэнтаў, ужо 400 чалавек на ўчорашні вечар прагаласавала. І якраз цэнтралізавана прыгнаць можна ў студэнцкіх інтэрнатах, вайсковых частках і органаў унутраных спраў. Будуць заганяць масава, і там можа быць да 90—100%. У цэлым па краіне будзе афіцыйна дадзена лічба ў раёне 15%, але насамрэч будзе у раёне 30%”.
Паводле Ўладзімера Лабковіча, сытуацыя з датэрміновым галасаваньнем на сёлетніх выбарах фактычна не адрозьніваецца ад сытуацыі на папярэдніх выбарах.
“Традыцыйна адміністрацыі ўстановаў адукацыі гоняць студэнтаў на датэрміновае галасаваньне ў студэнцкіх інтэрнатах. Традыцыйна гэта ўзмоцніцца сёньня і заўтра, у апошнія дні датэрміновага галасаваньня. Бо студэнтам будуць настойліва раіць выехаць зь Менску на выходныя, каб яны раптам не ўзялі ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту, якія плянуе апазыцыя”.
Паводле спадара Лабковіча, афіцыйныя лічбы па датэрміновым галасаваньні прымяншаюцца.
“На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах я асабіста бачыў, як студэнты аднаго з тэхнікумаў прыходзілі з талёнчыкамі, якія ім неабходна было адзначаць у сяброў камісіі, каб пацьвердзіць дэкану, што яны ўзялі ўдзел у галасаваньні. Цяпер на некаторых участках у Менску студэнты просяць сяброў камісій неяк пацьвердзіць, што яны прагаласавалі датэрмінова.
Мэханізм датэрміновага галасаваньня застаецца адным з асноўных інструмэнтаў фальсыфікацыяў у Беларусі, таму ён цяпер выкарыстоўваецца ў тым жа аб'ёме, што і раней”.