Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі эфэктыўныя санкцыі ЭЗ супраць беларускіх уладаў?


У Эўразьвязе заявілі аб магчымасьці скасаваньня санкцыяў супраць беларускіх уладаў, калі выбары парлямэнту 28 верасьня пройдуць дэмакратычна і Беларусь пакажа прагрэс на шляху да дэмакратычных каштоўнасьцяў.

На сёньня візавыя і фінансавыя санкцыі Эўразьвязу тычацца 41 беларускага чыноўніка ўключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Беларускае пытаньне на саміце міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу абмяркоўваецца без кіраўніка беларускага зьнешнепалітычнага ведамства Сяргея Мартынава. Прапановы запрасіць яго ў Брусэль не знайшлі ў альянсе падтрымкі. Затое на сустрэчу зь міністрамі замежных спраў ЭЗ запрошаны былы палітвязень Аляксандар Казулін. Перад паездкай у Брусэль і Вашынгтон Казулін правёў кансультацыі зь лідэрамі Аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі.
Паводле сустаршыні АДС Анатоля Лябедзькі, Аляксандар Казулін атрымаў мандат на агучваньне пазыцыі АДС. Спадар Казулін сустрэнецца зь міністрамі замежных спраў Эўразьвязу, а пазьней на гэтым тыдні завітае ў Белы дом на запрашэньне прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. Спадар Казулін мае агучыць пазыцыю АДС, у тым ліку і адносна санкцыяў супраць беларускіх уладаў, — кажа Анатоль Лябедзька:
“Мы лічым, што ў пэрспэктыве санкцыі могуць быць адмененыя. Але рашэньне трэба прымаць не адразу і чохам, а па меры зьнікненьня прычын іх зьяўленьня. Напрыклад, калі Ярмошына патрапіла ў гэты сьпіс за фальсыфікацыі выбараў, то зразумела, што яна можа выйсьці з гэтага сьпісу, калі такіх фальсыфікацыяў не адбываецца. Альбо калі Падабед арганізоўваў зьбіцьцё людзей на мірных дэманстрацыях, то натуральна, калі дэманстрацыі будуць праходзіць безь зьбіцьця, мірна, то тады няма неабходнасьці трымаць у гэтым сьпісе Падабеда”.
Візавыя санкцыі Эўразьвязу супраць беларускіх чыноўнікаў былі эфэктыўнымі, перакананы А. Лябедзька, бо ўлады ў той ці іншай ступні іх рэальна адчувалі:
“Пагроза трапіць у сьпіс невыязных альбо ў сьпіс людзей, супраць якіх уводзяцца фінансавыя санкцыі, была ня вельмі прыемнай для большасьці чыноўнікаў. Яны стараліся іх пазьбягаць. Як прэвэнтыўныя захады гэта было карысна”.
Палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што візавыя санкцыі адносна беларускіх уладаў былі больш эфэктыўнымі ў параўнаньні зь фінансавымі:
“Ведаю шмат чыноўнікаў, якія вельмі баяліся, каб іх не ўключылі ў гэты сьпіс асоб, супраць якіх дзейнічаюць візавыя санкцыі... Што тычыцца фінансавых санкцыяў, то тут ёсьць пэўныя пытаньні, бо ні эўрапейцы, ні амэрыканцы не знайшлі рахункаў тых асоб, супраць якіх яны ўвялі гэтыя санкцыі”.
Былы палітвязень Павал Севярынец заклікае Эўразьвяз здымаць свае санкцыі паступова: спачатку зьняць іх з тых, з кім можна абмяркоўваць канкрэтныя эканамічныя пытаньні, і пакінуць гэтыя санкцыі для палітычнага кіраўніцтва, якое не дапускае дэмакратызацыі ў Беларусі, Але ў той жа час, лічыць Павал Севярынец, трэба запрашаць беларускае кіраўніцтва да далейшых крокаў у кірунку дэмакратызацыі.
“Разам з тым трэба бачыць розьніцу паміж жаданьнем Захаду ўцягнуць Беларусь у сфэру свайго ўплыву, што я вітаю, бо гэта адрывала б Беларусь ад расейскага ўплыву, і тым, што Захад зьбіраецца прызнаваць Палату прадстаўнікоў ва ўмовах сёньняшніх яўна несвабодных і несправядлівых выбараў. Прызнаваць такія выбары і Палату прадстаўнікоў легітымнай нельга, бо гэта адкрывае шлях для страты беларускай незалежнасьці і ўмацаваньня сёньняшняга рэжыму”.
Паводле Паўла Севярынца, здымаць санкцыі з судзьдзяў, якія выносілі несправядлівыя прысуды, можна было б у выпадку прыняцьця імі рэабілітацыйных пастановаў адносна былых палітвязьняў.
У праекце пастановы па беларускім пытаньні, падрыхтаваным амбасадарамі краін Эўразьвязу ў Брусэлі, прадугледжваецца абяцаньне “пераацаніць сытуацыю ў Беларусі ў сьвятле парлямэнцкіх выбараў і прагрэсу, зробленага Беларусьсю на шляху да дэмакратычных каштоўнасьцяў і правоў чалавека”.
Калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі скарыстае магчымасьць паказаць сваю павагу да дэмакратычных каштоўнасьцяў і паабяцае АБСЭ эфэктыўны доступ да назіраньня за выбарчай кампаніяй, “Эўразьвяз будзе гатовы перагледзець санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў”.
Ва ўзгодненым праекце пастановы 27 міністраў Эўразьвязу вітаецца вызваленьне ў жніўні з турмы былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна і яшчэ двух апошніх беларускіх палітвязьняў — Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча.
Праект дэманструе магчымасьць канкрэтных пазытыўных крокаў з боку Эўразьвязу ў наладжваньні сувязяў зь Беларусьсю, уключна з ініцыятывамі ў галінах гандлю і культуры, двухбаковымі візытамі. Асабліва падкрэсьліваюцца магчымасьці эўрапейскай палітыкі суседзтва, якая можа даць Беларусі дзясяткі мільёнаў эўра на структурныя рэформы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG