Цягам 7 гадоў у Беларусі пасьля падзеяў 11-га верасьня казалі, што краіну абышла хваля тэрарызму. Аднак сёлетні выбух 4-га ліпеня на праспэкце Пераможцаў пачаў адлік эпохі тэрарызму і ў Беларусі. Ад бомбы, закладзенай ў пакунак з-пад соку, пацярпелі болей за 60 чалавек, у тым ліку былі цяжка параненыя.
Як ідзе сьледзтва? Ці наблізіліся сьледчыя да таго, каб выявіць і аддаць пад суд вінаватых? З гэтым пытаньнем каторы ўжо раз за мінулыя два месяцы зьвяртаюся ў прэсавую службу МУС. Яе кіраўнік Алег Сьлепчанка пераадрасаваў пытаньне да свайго калегі ў менскай гарадзкой міліцыі Аляксандра Ластоўскага:
“Расьсьледаваньне працягваецца, усё ідзе, як мае быць, усё робіцца, што трэба. Але ці ёсьць ужо вынік – мне нічога невядома”.
Адразу пасьля выбуху міліцыянты пачалі правяраць на датычнасьць да яго актывістаў апазыцыі. Так, паводле падлікаў праваабаронцаў, затрымалі болей за 100 чалавек. Безвынікова. Тады сьледчыя ўзяліся за катэгорыі грамадзянаў, недатычных да палітыкі. Правяралі былых вайскоўцаў з адмысловай спэцыялізацыяй, дапытвалі тых, хто раней меў судзімасьць паводле артыкулаў пра зброю ці выбухоўку, бралі адбіткі пальцаў ў вучоных з хімічных катэдраў і супрацоўнікаў фірмаў, якія займаюцца продажам соку.
Калі ў Беларусі пачала набіраць хаду выбарчая кампанія, у поле ўвагі зноў патрапілі актывісты палітычных партый, задзейнічаныя ў выбарах. 8-га верасьня актывіста АГП Юрыя Панасюка зь Берасьця выклікалі ў мясцовую міліцыю і дапыталі адносна выбуху 4-га ліпеня. Дзе быў у той дзень, хто можа пацьвердзіць алібі? Адказы запісалі і адпусьцілі. Але празь некалькі гадзінаў іншыя людзі ў цывільным ужо на вуліцы затрымалі Юрыя Панасюка, адзелі на рукі кайданкі і зноў пыталіся пра выбух. Ці лічыць Юры, што гэтак сапраўды шукаюць вінаватых у тэракце на прасьпекце Пераможцаў?
“Мяркую, не. Мяркую, гэта ціск напярэдадні выбараў на актывістаў апазыцыі. Але якія структуры гэта рабілі, я ня ведаю, бо яны не назваліся. Я зьвярнуўся ў пракуратуру і чакаю прыезду сьледчых зь Менску”.
У скарзе, якую накіраваў Юры Панасюк ў пракуратуру, пазначана: яго зьбівалі. Скаргу рыхтаваў праваабаронца Ўладзімер Малей. Ён зазначыў.
“Лічу, што гэта такое прафіляктычнае мерапрыемства. Яны праводзяць яго з той мэтай, каб у дзень выбараў 28-га верасьня людзі з рэгіёнаў не паехалі ў Менск і не заявілі, што ня вераць гэтым выбарам”.
Намесьніка старшыні грамадзкай арганізацыі Беларуская асацыяцыя журналістаў ( БАЖ) Андрэя Бастунца днямі таксама выклікалі ў міліцыю і пыталіся пра выбух. Андрэй паводле адукацыі юрыст і здолеў праз закон абгрунтаваць сваю адмову здаваць адбіткі пальцаў. У тое, што міліцыя шукае вінаватых у выбуху, Андрэй Бастунец мала верыць:
“Вельмі дзіўна, што гэтай справай займаецца міліцыя. Пацярпелі дзясяткі чалавек, ёсьць цяжка параненыя, але гэта чамусьці кваліфікуецца толькі як хуліганства. Уражаньне, што насамрэч галоўная мэта – назапасіць адбіткі пальцаў, пробы сьліны, дапытаць як мага болей людзей, стварыць такі архіў на звычайных грамадзян”.