У беларускамоўную групу “Вясёлка” дзяцей пачалі вадзіць ад трэцяга сьнежня. Спачатку ў ёй было трое дзетак: Ялінка Салаўёва, Міколка Бацюкоў ды Паўлік Мохаў. Неўзабаве далучыўся да іх Януш Сярэдзін. Учора прыйшоў Ільля Грынкевіч.
Дзеці сабраліся пасьля амаль паўгадавога перапынку. Гаворыць бацька Міколкі Аляксей Бацюкоў:
“З дваццатага красавіка група наша была зачыненая й дзеці нашы не хадзілі ў беларускую групу. Спачатку – у польскую, потым у нейкую мяшаную. Яны перабывалі можа ў групах чатырох, а можа ў трох. Для нашых дзяцей сёньняшні дзень надзвычай важны, бо нарэшце яны вярнуліся ў тую групу, пра якую марылі паўгода”.
Столькі часу заняло знайсьці для дзетак новую выхавацельку, калі іх першая пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Пачатак працы новая выхавацелька Аксана Віктараўна лічыць вельмі важным:
“Знаёмства дужа важнае для мяне, бо пасьля яго я буду ведаць характар кожнага дзіцяці і адпаведна кожнае зь іх будзе ведаць мяне”.
Маці Ялінкі Салаўёвай спадарыня Надзея лічыць:
“Калі дзеці сюды прыйшлі, яны ўжо ня зыдуць. Менш іх станавіцца ня будзе, толькі больш. Мы будзем працягваць нашу працу, каб павялічвалася колькасьць дзетак”.
Летась бацькі і актывісты суполкі Таварыства беларускай мовы адкрыцьця беларускамоўнай групы дамагаліся пяць месяцаў. Цяпер у Ленінскім аддзеле адукацыі Магілёва запэўніваць, што зацікаўленыя ў яе існаваньні:
“Мы сутыкнуліся зь невялікімі праблемамі, гэта перадусім па камплектаваньні групы, бо для паўнавартаснай працы неабходна мінімум дванаццаць дзяцей. Мы падабралі выхавацеля, які добра валодае беларускай мовай. Сёлета група павінна працягнуць сваю працу. Чакаем вас у садку №81”, – зазначае начальнік аддзеле Аляксандар Гапееў.
Беларускамоўных клясаў у абласным цэнтры няма. У Бабруйску сытуацыя тая ж. Чаму? У абласной управе адукацыя паведамілі, што сёлета не было адпаведных заяваў на навучаньне.
Дзьве беларускамоўныя клясы ёсьць у Горках. Яны зьявіліся намаганьнямі сям’і Каральковых. Разам са старэйшай іх дачкой – выпускніцай Марыляй вучацца чацьвёра дзяцей. Зь меншым – Мікітам – у другой клясе пяцёра дзетак.
Паводле ўсё той жа ўправы адукацыі, на Магілёўшчыне 469 агульнаадукацыйных сярэдніх школаў, зь іх 246 — беларускамоўныя. Амаль усе яны ў сельскай мясцовасьці, а вясковых школ год ад году менш і менш: перад пачаткам навучальнага году чыноўнікі паведамлялі, што зьбіраюцца зачыніць трынаццаць базавых і пачатковых школ.