Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята гораду – “марафон марафэту”


У Наваполацку актыўна рыхтуюцца да 50-гадовага юбілею гораду. Падрыхтоўка да сьвяткаваньня выклікае ў горадзе супярэчлівае стаўленьне. З аднаго боку, горад удасканальваюць эстэтычна. Зь іншага боку, вялізныя сродкі, укладзеныя ў сьвята, шмат хто ацэньвае як “баль пад час чумы”.

Першым зь мерапрыемстваў падрыхтоўкі да сьвята гораду стала перабудова плошчы перад гарвыканкамам Наваполацку. Старое пакрыцьцё плошчы перад будынкам узарвалі і паклалі новую чырвоную плітку. На думку аднаго з актывістаў свабоднага прафсаюзу Наваполацку Ўладзімера Русіна, выглядае гэта як абсталяваньне працоўнага месца ўладаў. А тым часам, у горада ёсьць значна больш актуальныя праблемы:
“Я размаўляў нядаўна з супрацоўнікам “Паліміра”, які жыве ў самым аддаленым мікрараёне гораду. Туды ходзіць толькі аўтобус, які ідзе на Полацак. Аўтобус значна даражэйшы за гарадзкі транспарт. Штодня ён возіць дзяцей у школу і садок, дабіраецца да працы. Сям’я – з 5 чалавек. Адпаведна, праязныя на месяц каштуюць 150 тысяч. І каб удасканаліць сыстэму транспарту для гэтага раёну, улады ня робяць нічога”...
Уладзімер Русін называе падрыхтоўку мясцовых уладаў да сьвята гораду “марафонам марафэту”. Тым часам у гарвыканкаме лічаць гэткую скрупулёзную падрыхтоўку цалкам мэтазгоднай. Плянуецца нават калектыўны сьпеў дзяржаўнага гімна Беларусі, распавялі мне ў гарвыканкаме Наваполацку:
“Гэта будзе на плошчы пасьля ўрачыстага праходу калёнаў працоўных калектываў гораду. Наагул, як заўсёды – як жа без рэпэтыцыяў? Але гімн мы не рэпэтуем. Рэпэтуем само шэсьце. А гімн яны развучваюць. Мы раздалі словы, яны вучаць, усё як паложана”.
Днямі сьвята гораду, прысьвечанае 50-годзьдзю, адбылося і ў Салігорску. Падрыхтоўка была таксама вельмі сур’ёзнай. Настолькі сур’ёзнай, што многія госьці адчулі сябе прыніжанымі, распавядае жыхарка гораду, кандыдатка ў дэпутаты парлямэнту Ларыса Насановіч:
“Надта пампезна – гэта па-першае. А, па-другое, уразіла ахова. Людзей правяралі гэтак, што назваць гэта можна было толькі вобшукам. Усё абшуквалі: сумкі, кішэні, вопратку... Настолькі, што людзі сталага веку потым казалі, што гэта выглядала цалкам як абраза і пагарда. Так што падрыхтоўка была ўжо надта напружанай, а сьвята як сьвята і не адчулі”...
У Полацку таксама працуюць над пільнай аховай органаў правапарадку. У плянах захадаў перасьцярогі – цьвярозасьць гасьцей сьвята, трайное ачапленьне месца сьвяткаваньня, праверка на мэталашукальніках. А пасьля – фэйерверк ды дыскатэка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG