Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 гадзіны на "Людзі на балоце", 2 гадзіны на "Знак бяды"


Сёньня пачаўся навучальны год. Па традыцыі Аляксандар Лукашэнка пабываў на ўрачыстасьцях з нагоды адкрыцьця новай школы — гэтым разам у сталічным мікрараёне Лошыца. Ён ухваліў чарговую рэформу адукацыі —пераход школы на 11-годку; запэўніў, што любы школьнік, які засвоіць спрошчаныя школьныя праграмы, без рэпэтытараў зможа паступіць у ВНУ; паабяцаў у 2009 годзе на траціну павялічыць выдаткі на адукацыю. У той жа час настаўнікі ў першы дзень сутыкнуліся зь вялікай колькасьцю праблем: недарэчнасьцямі ў праграмах, дэфіцытам падручнікаў. Якія зьмены адбудуцца ў вывучэньні беларускай мовы і літаратуры?


Колькасьць гадзін на вывучэньне беларускай мовы і літаратуры скарацілася. Настаўнік мовы і літаратуры з Іванава Рыгор Сыраватка кажа:

“Тры гадзіны на мову і літаратуру — гэта проста незразумела, як яе вывучаць. У адзінаццатай, выпускной клясе — дзьве гадзіны мовы і адна літаратуры”.

Тры гадзіны на мову і літаратуру — гэта проста незразумела, як яе вывучаць. У адзінаццатай, выпускной клясе — дзьве гадзіны мовы і адна літаратуры
Толькі 30 жніўня настаўнікі беларускай мовы і літаратуры атрымалі каляндарны плян і навучальныя праграмы па беларускай мове і літаратуры. Быкаў, Караткевіч, Барадулін, Разанаў у школьнай праграме засталіся. Іх будуць вывучаць у 11 “штрых” клясе.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валерыя Сом прагартала навучальныя пляны:

“Караткевіч, раман “Каласы пад сярпом тваім” — 3 гадзіны. Быкаў, “Знак бяды” — 2 гадзіны. Мележ, “Людзі на балоце” — 3 гадзіны. Пры гэтым яшчэ жыцьцёвы і творчы шлях пісьменьніка. Чорны, “Пошукі будучыні” — 1 гадзіна. Літаратура 1920—50-х гадоў, агляд — 1 гадзіна, з 20-х па 50-я, уключаючы яшчэ вайну”.

Меркаваньне настаўніка Рыгора Сыраваткі:

“За 8 гадзін вывучыць тры творы — Быкава “Знак бяды”, Караткевіча і Мележа — гэта азнаямленьне з творчасьцю пісьменьніка і аналіз твору. Гэта пакуль проста не зразумела, як гэта будзе і на якім узроўні вучні будуць атрымліваць веды”.

Карэспандэнтка: “Але Караткевіч і Быкаў засталіся ў школьнай праграме?”

“Так, я рады, што іх усё-ткі пакінулі. Гэта вельмі добра”.

Яшчэ больш недарэчнасьцяў і блытаніны ў праграмах па беларускай мове. Яны зроблены пад 11-гадовую школу, быццам бы ўжо адбыўся паўнавартасны пераход. Асаблівасьці ж пераходнага пэрыяду ня ўлічаныя.

Шостая кляса, да прыкладу, скончыла вывучэньне прыметніка. Далей трэба вывучаць дзеяслоў і яшчэ масу ўсяго. А згодна з праграмай гэтага году, якая ўжо выйшла — яны пачынаюць зь дзеепрыметніка і сканчаюць прыслоўем. Усё тое, што павінна яшчэ вывучацца, проста выпушчана”.

Але самая вялікая праблема — падручнікі. Іх катастрафічна не хапае. Рыгор Сыраватка працуе настаўнікам з 1970 году.

“Быў дырэктарам школы доўгі час і ведаю, што ні ў адзін год не было такога, каб поўны камплект падручнікаў быў да 1 верасьня. Але такога вэрхалу, як сёньня, яшчэ не было ні разу. Ну не пасьпелі выдаць, неяк выходзілі са становішча па адным-двух прадметах. А цяпер сытуацыя катастрафічная. Я сёньня сам ня маю падручніка і ня ведаю, як на заўтра рыхтавацца і што вучням казаць. Патрэбны некаторыя падручнікі, якія выдаваліся ў 1998 годзе. Ёсьць клясы, дзе патрэбны два падручнікі, бо ў адным палова праграмы, а ў другім — другая палова. Да прыкладу, у дзявятай і восьмай клясе патрэбны адны і тыя ж падручнікі, а іх страшэнна не хапае. У пятай клясе падручнікаў няма”.

Некалькі дзён таму дырэктар Нацыянальнага інстытуту адукацыі Міністэрства адукацыі Генадзь Пальчык запэўніў Радыё Свабода, што па колькасьці падручнікаў хопіць на ўсіх вучняў, але прызнаў, што могуць быць затрымкі і блытаніна:

“Па хіміі, па чарчэньні з падручнікамі будуць затрымкі ў верасьні, па беларускай літаратуры. Тут вельмі шмат залежыць ад самой школы: каб не было блытаніны ў школе. Разьлічваем, што сур’ёзных зрываў ня будзе. Але ж усё можа быць”.

Настаўнік з 38-гадовым стажам Рыгор Сыраватка кажа:

“З 1970 году я працую, яшчэ ні разу я ня быў у такім становішчы, як сёньня. Шчыра кажучы, сёньня наша настаўніцтва ў шоку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG