Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Х.Шмід: стасункі Беларусі з Эўразьвязам могуць пашырыцца


Хэльга Шмід, кіраўнічка палітычнага аддзелу ў гэнэральным сакратарыяце Рады Эўрасаюзу, сказала ў інтэрвію агенцтву БелаПАН, што вызваленьне палітычных вязьняў у Беларусі паспрыяе пашырэньню адносін паміж Брусэлем і Менскам.

Шмід пацьвердзіла, што афіцыйны Брусэль, улучна зь яе непасрэдным начальнікам, вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу ў галіне зьнешняй палітыкі і бясьпекі Хавіерам Салянам, вітаў вызваленьне Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма.

Паводле Шмід, краіны Эўразьвязу яшчэ не абмяркоўвалі, якія канкрэтныя крокі Брусэль павінен зрабіць насустрач Менску. Але яна намякнула, што гэта можа ў першую чаргу тычыцца візавых санкцый супроць некаторых беларускіх чыноўнікаў.

Шмід таксама дала зразумець, што гэтых сустрэчных крокаў Менск не павінен чакаць перад парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі, якія пройдуць 28 верасьня. „Калі яны пройдуць лепей, чым папярэднія выбарчыя кампаніі ў Беларусі, гэта прыдасьць новы імпульс разьвіцьцю нашых адносін,” — дадала яна.

Шмід таксама сказала, што Брусэль ня будзе чакаць, пакуль Менск выканае 12 рэкамэндацый Эўразьвязу па дэмакратызацыі жыцьця ў Беларусі, а пачне дыялёг значна раней, як толькі ўбачыць у Беларусі „пасьлядоўны рух да дэмакратызацыі, вяршэнства закону і павагі да правоў чалавека”.

Два дні таму Эўразьвяз зрабіў афіцыйную заяву, што Брусэль гатовы пераглядзець санкцыі супраць Беларусі ў сувязі з вызваленьнем беларускіх палітычных вязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG