Таксама ён адзначыў, што кандыдаты ад апазыцыі недаацэньваюць прамыя кантакты з выбарцамі і не гатовыя змагацца за выбарцаў. Гэтыя заявы спадара Шміта пракамэнтаваў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
“Я думаю, што офіс АБСЭ недастаткова заглыблены ў беларускія рэаліі. Бо казаць пра слабыя камунікацыі з выбарцамі — гэта значыць ня ведаць практыкі рэалізацыі беларускага выбарчага заканадаўства. Пра гэта мог бы добра распавесьці Юрась Істомін, якога сёньня ў Наваградку будуць судзіць толькі за тое, што ён раздаваў газэту “Народная воля” са сваім інтэрвію. Альбо, напрыклад, Іван Крук, у адносінах да якога ашмянская пракуратура склала адміністрацыйны пратакол за тое, што ён раздаваў улёткі з тэкстам пасланьня. Вось гэта беларускія рэаліі.
Я думаю, што яго спасылка на нямецкіх парлямэнтароў, якія актыўна працуюць з выбарцамі, і паралель зь беларускай сытуацыяй — гэта па меншай меры некарэктна. Бо калі нямецкіх парлямэнтароў перанесьці на глебу беларускай рэчаіснасьці, то бальшыня зь іх на гэтым і прыпыніла б сваю палітычную дзейнасьць”.
Спадар Лябедзька адзначыў, што аб’яднаныя дэмсілы ў сваіх прапановах уладам дэманструюць максымум канструктывізму.
“Мы запрапанавалі сустрэчу з кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі, каб даабраць у склад участковых выбарчых камісій, бо максымальная колькасьць — 19 асобаў — ня выкарыстана практычна нідзе. І гэта не зьяўляецца парушэньнем выбарчага кодэксу, а разам з тым дае мажлівасьць гарантавана казаць, што прадстаўнікі АДС пройдуць выбарчую кампанію ад пачатку да канца. Але ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, у якой мы на сто адсоткаў адлучаны ад падліку галасоў, гэта таксама, як мінімум, дыскусія. І офіс АБСЭ павінен гэта ўлічваць. У нас можа быць зарэгістравана прыкладна 30% ад усіх зарэгістраваных. Гэта могуць быць кандыдаты з адзінага сьпісу. Але іх прадстаўнікоў, якія будуць лічыць галасы ў выбарчай кампаніі, — 0,05%. На гэтым трэба акцэнтаваць увагу офісу АБСЭ і міжнародным назіральнікам падчас камунікацый з уладамі.
Таксама як і на другой акалічнасьці: мы накіравалі тром тэлевізійным каналам прапанову ня столькі ад АДС, колькі ад выбарцаў, каб там арганізаваць шырокую, адкрытую дыскусію па пытаньнях, якія цікавяць выбарцаў. Бо людзі ня ведаюць, хто балятуецца, якія палітычныя структуры яны прадстаўляюць, якія ў іх праграмы, і вырашыць гэтае пытаньне за 5 хвілін на радыё і тэлевізіі немагчыма. І тут таксама офіс АБСЭ мог бы сказаць сваё слова. Колькі ў Нямеччыне дэпутаты Бундэстагу маюць інфармацыйных мажлівасьцяў для таго, каб данесьці сваё пасланьне і пэрсанальную альтэрнатыву да выбарцаў? І колькі ў Беларусі? Вось на гэта трэба зьвяртаць увагу”.