Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАТЭ дэбютуе ў фінальнай стадыі Лігі чэмпіёнаў <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Упершыню ў гісторыі футбольная каманда зь Беларусі будзе рэальна змагацца за самы прэстыжны эўрапейскі трафэй – Кубак чэмпіёнаў кантынэнту.


27 жніўня клюб БАТЭ з Барысава ў трэцім кваліфікацыйным матчы Лігі чэмпіёнаў згуляў на сваім полі ўнічыю з баўгарскім клюбам “Леўскі” і па суме дзьвюх гульняў, трапіў у групавы турнір прэстыжнага спаборніцтва.

За сам факт пападаньня ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў каманда атрымлівае ад УЭФА 7 мільёнаў эўра. Сапраўды, стымул больш, чым салідны, аднак наўрад ці ён быў вырашальным у супрацьстаяньні барысаўскага БАТЭ і сафійскага “Леўскага”. “Леўскі” – адзін з наймацнейшых клюбаў Баўгарыі.

Пра “заводзкую каманду” са “штучна створанай дзяржавы”

Напярэдадні першай сустрэчы два тыдні таму ў Сафіі ўладальнік “Леўскага” Тодар Баткаў даў досыць шчырае інтэрвію мясцовым мэдыям, у якім ня толькі як мог прынізіў “заводзкую каманду”, але пасумняваўся, што можна ўвогуле прайграць камандзе “са штучна створанай дзяржавы”. То бок, спадар Баткаў загадзя пасумняваўся ў жыцьцяздольнасьці як БАТЭ, так і Беларусі, якая, паводле ягонай лёгікі, пачала існаваньне толькі пасьля развалу СССР.

Генэральнага дырэктара футбольнага клюбу БАТЭ Анатоля Капскага такія паралелі глыбока абурылі:

“Спадзяюся, што гэта меркаваньне не прэзыдэнта “Леўскага”, а вольная інтэрпрэтацыя баўгарскай прэсы. Апроч усяго – нашая каманда не заводзкая, яна носіць імя завода. Тым ня меней, спонсарамі клюбу ёсьць многія досыць паважаныя арганізацыі з сур’ёзнымі гандлёвымі абаротамі. Увогуле мы вітаем любога спонсара, але назва ў каманды гістарычная – у Барысаве даўно ўжо была каманда БАТЭ, і наша каманда так называецца як даніна гэтай традыцыі. Разам з тым магу сказаць: мы сустракаліся зь вялікім клюбамі, і ніхто нам такога не заяўляў. Гэта і правілы фэйр-плэй, і традыцыі УЭФА”.

Лявон Баршчэўскі піша амбасадару

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі накіраваў ліст амбасадару Баўгарыі ў Менску Петку Ганчаву, у якім на гістарычныя фактах паказаў памылковасьць сьцьвярджэньняў баўгарскага бізнэсоўца ад спорту, але адказу так і не атрымаў -- на той момант амбасадар быў у адпачынку. У дыпляматычным прадстаўніцтве Беларусі ў Сафіі, у сваю чаргу, хоць і абурыліся некарэктнымі выказваньнямі уладальніка “Леўскага”, але на запыт Радыё Свабода патлумачылі: заявы прыватнай асобы ня ёсьць падставай, каб рыхтаваць ноту пратэсту. Пакуль на міжнародным узроўні ўзьнікла паўза, гонар БАТЭ працягвае абараняць Анатоль Капскі:

“І што яшчэ тычыцца заводзкай каманды. Напэўна, у “Леўскага” было шмат сур’ёзных выхаванцаў. Але сёньня нашы футбалісты гуляюць ў эўрапейскіх чэмпіянатах – Аляксандар Глеб гуляў у першынстве Бундэслігі, адыгрываў не апошнюю ролю у англійскім “Арсэнале”, браў удзел у фінале Лігі чэмпіёнаў, сёньня гуляе за “Барсэлёну”. Віталь Кутузаў пераходзіў у “Мілян”, гуляў у лісабонскім “Спортынгу”, у “Парме”. Таму мне ня сорамна за наш клюб і за нашых выхаванцаў: палова зборнай Беларусі на гэты момант – гэта выхаванцы БАТЭ. Гэта на ўсялякі выпадак адносна заводзкай каманды”.

Сёньня ўвечары ў штаб-кватэры УЭФА адбудзецца лёсаваньне супернікаў групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў.

Прайгралі “Сьцяўа”, выйгралі ў “Андэрлехту”

Летась у каманды з Барысава ўжо быў шанец трапіць у фінальную стадыю эўрапейскага Кубку чэмпіёнаў. Пасьпяхова прайшоўшы адборачныя паядынкі, у самы адказны момант беларусы ня здолелі супрацьстаяць румынскаму клюбу “Сьцяўа”. Гэтаксама не змаглі яны выйграць суцяшальны паядынак з мадрыдзкім “Вільярэалам” – у выпадку перамогі можна было працягнуць выступы ў другім паводле прэстыжнасьці Кубку УЭФА.

Сёлета барысаўская дружына таксама пасьпяхова стартавала на папярэдняй стадыі Лігі чэмпіёнаў, перагуляўшы ня толькі супернікаў з Ісьляндыі, якія аб’ектыўна лічацца “трэцім эшалёнам” эўрапейскага футболу, але і грандаў эўрапейскага футболу ў асобе бэльгійскага “Андэрлехту” – на выезьдзе беларусы перамаглі 2:1, у Барысаве сустрэча скончылася ўнічыю 2:2.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG