Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны пяты школьнік вучыцца па-беларуску


Праз тыдзень пачнецца новы навучальны год. Колькі першаклясьнікаў сёлета пойдзе ў беларускія клясы? І ўвогуле, колькі дзяцей маюць магчымасьць навучацца ў Беларусі на роднай мове?

На думку старшыні Таварыства беларускай школы Алеся Лозкі, стан беларускамоўнага навучаньня даўно выклікае трывогу. 15 гадоў таму, у 1993—94 навучальным годзе 76% першаклясьнікаў пайшло ў беларускамоўныя школы і клясы. Цяпер гэты паказьнік апусьціўся ніжэй за 18%:

“У Менску колькасьць беларускамоўных навучальных установаў нібыта і расьце: мы ведаем такія ўстановы, як чацьвёртая, чатырнаццатая, дзявятая гімназіі. У гэтым годзе поўнасьцю будзе пераведзена на беларускую мову навучаньне ў 23-й гімназіі (12 клясы ўжо ня будзе, яна там была рускамоўная). Сёлета абвясьцілі, што 2-я сярэдняя школа будзе пераведзеная ў беларускамоўную гімназію, ёсьць 60-я сярэдняя школа. Але я ня ўпэўнены, што расьце колькасьць дзяцей, якія навучаюцца па-беларуску”.

Паводле інфармацыі старшыні ТБШ Алеся Лозкі, усяго на беларускай мове вучыцца 20,9% школьнікаў. Нават гэтую статыстыку, аднак, Міністэрства адукацыі чамусьці хавае: на афіцыйным сайце Міністэрства апошняя інфармацыя — за 2005—2006 навучальны год. Без дазволу міністра і ягоных намесьнікаў галоўны інспэктар Мінадукацыі Зоя Падліпская, якая курыруе беларускамоўную адукацыю, сьвежую інфармацыю Радыё Свабода не паведаміла:

“Калі ласка, тэлефануйце нашаму кіраўніцтву — альбо Казіміру Сьцяпанавічу Фарыно, альбо Аляксандру Міхайлавічу Радзькову, і тады са згоды кіраўніцтва мы можам пагаварыць”.

Але міністар і ягоныя намесьнікі, натуральна, вельмі занятыя, і іх дазволу атрымаць не ўдалося.

Што да бальшыні сталічных беларускамоўных гімназій, яны без праблем набіраюць першаклясьнікаў, кажа дырэктарка гімназіі № 23 Ніна Нікіціна:

“У нашу гімназію звычайна ідзе набор на пачатку лета, і звычайна за тыдзень мы дзетак набіраем, што адбылося і гэтым летам”.

Карэспандэнтка: “А колькі дзетак пойдзе ў першыя клясы?”

“У адну клясу — 22, у другую — 19, а максымальная напаўняльнасьць — 20. Так што, дзякуй Богу, у беларускамоўную пачатковую школу дзеці ідуць”.

Сёлета ў краіне зачынілася 91 школа, у асноўным у сельскай мясцовасьці. У сваёй бальшыні зачыненыя школы былі беларускамоўнымі. Алесь Лозка гэтай сытуацыяй заклапочаны:

“Пытаньне ў тым, што дзецям, якія навучаліся па-беларуску, не забясьпечваецца магчымасьць працягваць навучаньне на гэтай мове. Такім чынам колькасьць беларускамоўных дзяцей памяншаецца”.

Да таго ж у новым навучальным годзе, у сувязі зь пераходам на 11-годку, скарачаецца колькасьць гадзінаў беларускай мовы і літаратуры. Было па дзьве, стане па адной гадзіне на тыдзень. Да таго ж летась выкладаньне гісторыі і геаграфіі Беларусі ў школах было пераведзена зь беларускай мовы на расейскую. І Таварыства беларускай мовы, і Таварыства беларускай школы спрабавалі адстаяць выкладаньне гісторыі і геаграфіі Беларусі на роднай мове. Гаворыць Алесь Лозка:

“Нічога іншага пакуль ні міністэрствам, ні ў прэсе нідзе не абвяшчалася. Хаця лічыцца, што гэтыя пытаньні могуць вырашаць самі адукацыйныя ўстановы — на якой мове выкладаць”.

Сёлета тэсты па беларускай мове здавалі каля 72 тысяч выпускнікоў (а беларускамоўныя клясы скончыла менш за 20 тысяч). І тэсты па-беларуску яны здалі лепш, чым па-расейску: 42% абітурыентаў тэсты па расейкай мове фактычна завалілі (набралі менш за 20%), а па беларускай мове толькі 26% набралі менш за гэтую ніжнюю мяжу...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG