Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве "заяў на беларускія клясы не паступала”


Управа адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму заяўляе, што палова ўсіх школ на Магілёўшчыне беларускамоўныя, аднак прызнае, што амаль усе яны — у сельскай мясцовасьці.


У самых буйных гарадах вобласьці, Магілёве й Бабруйску, сёлета ніводнай беларускамоўнай клясы ня будзе. Пра сёньняшні стан беларускамоўнага школьніцтва на Магілёўшчыне — у матэрыяле нашага магілёўскага карэспандэнта.

Ва ўправе адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму адсутнасьць беларускамоўных школ у Магілёве й Бабруйску тлумачаць іх незапатрабаванасьцю.

“Мы з задавальненьнем адчынялі б такія клясы для ўсіх ахвочых, аднак па заявах бацькоў. Калі паступаюць заявы ад бацькоў, тады мы адчыняем такія клясы. Пакуль такіх заяў не паступала. Нават калі гэта будзе адна заява, мы гатовыя яе разгледзець і знайсьці магчымасьці адчыніць такую вось клясу для дзіцяці”, — зазначае кіраўніца аддзелу кантролю якасьці адукацыі Людміла Шнітко.

Сёлета, паведамілі ў аддзеле адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму, ніводнай заявы ад бацькоў на беларускамоўнае навучаньне не паступала.

Выкладчык Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту Аляксей Бацюкоў, сын якога наведвае адзіную ў Магілёве беларускамоўную групу пры дзіцячым садку № 81, не згаджаецца з тым, што беларускамоўнае навучаньне не запатрабаванае:

“Я ведаю выпадкі ў нас у Магілёве, калі заявы былі, але ніхто нічога не рабіў. Людзі прыходзілі і ў асабістай гутарцы пыталіся пра такую магчымасьць, але іх адгаворвалі. Тут пытаньне пра тое, наколькі даносіцца інфармацыя самімі чыноўнікамі да масаў. Чыноўнікі не зацікаўленыя ў тым, каб гэтыя працэсы набывалі масавы характар, бо для іх гэта будзе азначаць масу праблемаў”.

Беларускамоўная група “Вясёлка” — пакуль адзінае, чаго дамаглася грамадзкасьць Магілёва. Групу ў дзіцячым садку наведваюць чацьвёра дзетак.

Адзіную беларускамоўную школу ў Магілёве ўлады зьліквідавалі неўзабаве пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году. Гэтым жа часам пазачынялі і ўсе беларускамоўныя клясы ў іншых школах.

Ня лепшая за магілёўскую сытуацыя зь беларускамоўным школьніцтвам у Бабруйску.

“Пасьля таго як дзесяць год таму была зьліквідаваная адзіная беларускамоўная гімназія, у Бабруйску перасталі існаваць хоць якія праявы беларускамоўнай адукацыі. Астраўкі беларускасьці трымаюцца толькі дзякуючы высілкам асобных настаўнікаў, якія выкладаюць свае прадметы па-беларуску ў агульнаадукацыйных рускамоўных школах”, — зазначае кіраўнік бабруйскай суполкі ТБМ Віктар Маліноўскі.

Дзьве беларускамоўныя клясы ёсьць у чацьвёртай горацкай сярэдняй школе. Там вучацца дзеці Ірыны й Віктара Каральковых — дачка Марыля й сын Мікіта.

“Скончыцца навучаньне, і ня будзе, хутчэй за ўсё, беларускамоўных клясаў, бо ўсё трымаецца на нашай асабістай ініцыятыве”, — кажа Ірына Каралькова.

Штогод Каральковы чакаюць заяваў адміністрацыі пра закрыцьцё клясаў. Сёлета, запэўнілі ў школе, гэтага не адбудзецца, аднак і павелічэньня колькасьці вучняў у клясах не чакаецца:

“Ніхто не зьбіраецца зачыняць. Клясы гэтыя застаюцца. Як бацькі пішуць заявы, так мы і адчыняем — гэта пастанова райвыканкаму”, — паведамілі ў школе.

Паводле ўправы адукацыі, на Магілёўшчыне 469 агульнаадукацыйных сярэдніх школаў, зь іх 246 — беларускамоўныя. Амаль усе яны ў сельскай мясцовасьці, а вясковых школ год ад году менш і менш. Сёлета ў вобласьці будзе зачынена трынаццаць базавых і пачатковых школ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG