Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Кобрыне шальмуюць суперніка Віктара Кучынскага”


Сёньня ў Кобрынскі раённы суд зноў былі выкліканыя ўдзельнікі разгляду скаргі актывіста Партыі БНФ Аляксандра Меха на яго звальненьне з Кобрынскага ўпраўленьня магістральных газаправодаў ААТ “Белтрансгаз”.


Плянавалася, што суд прыме рашэньне, бо напярэдадні ўжо заслухалі прадстаўнікоў бакоў і атрымалі ад іх неабходныя дакумэнты. Аднак вось што паведаміў “Свабодзе” Аляксандар Мех:

“Судзьдзя Аляксандар Бабаскін заявіў, што яму патрабуюцца мае дакумэнты з Кобрынскай выбарчай акругі № 12. Прычыну гэтага не патлумачыў. Абвясьціў, што паседжаньне суда пераносіцца на заўтра, на 9 гадзіну раніцы”.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, які напярэдадні прысутнічаў на судовым паседжаньні ў Кобрыне, лічыць, што “мясцовыя ўлады шальмуюць Аляксандра Меха як суперніка Віктара Кучынскага, які чарговы раз вылучаецца тут у дэпутаты”.

“Папулярны ў Кобрыне грамадзкі актывіст Аляксандар Мех быў пасьпешліва звольнены з працы, — лічыць Лявон Баршчэўскі, — пры гэтым начальнікі “Белтрасгаза” нарабілі шмат юрыдычных памылак. Таму цяпер мясцовая вэртыкаль і раённы суд не гатовыя пакуль прымаць рашэньне. Яны мусяць чакаць нейкіх указаньняў зьверху. Таму і цягнуць час”.

Аляксандар Мех мае дзьве вышэйшыя адукацыі. Больш як 15 гадоў ён працаваў інжынэрам ААТ “Белтрансгаз”. Быў звольнены сёлета ў чэрвені, калі прыняў рашэньне ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. На сёньня Аляксандар Мех — прэтэндэнт на дэпутацкі мандат у Кобрынскай выбарчай акрузе № 12.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG