Нашая карэспандэнта перадае: Публіка сустрэла нямецкіх музыкаў надзвычай горача і доўга не адпускала са сцэны. “Lemon Tree”, кампазыцыя Fools Garden, займала першыя радкі ў гіт-парадах вядучых усясьветных радыёстанцыяў.
У суботу выступілі беларусы – магілёўскі гурт “Маўзэр” (былы “Таварыш Маўзэр”) і Osimira. Гаспадары фэстывалю – літоўскі гурт Skyle з чароўнай салісткай Айстэ Смілгевічутэ – таксама выступілі вельмі пасьпяхова.
Надвор’е ў другі дзень фэсту, у адрозьненьне ад першага дня з залевай і навальніцай, было проста фантастычным. Таму адкрыцьцё парку гучашчых скульптураў адбылося ў суботу. Беларускі скульптар Валянцін Борзды прадставіў сваю працу – драўляную арфу. Цікавыя кампазыцыі зрабілі швэды, эстонцы, малдаване, літоўцы.
Вызначыліся і беларускія спартоўцы. У спаборніцтвах па перацягваньні канату беларусы занялі першае месца, у футболе – чацьвёртае (з шасьці).
А ў намётавым гарадку луналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Па колькасьці іх было ня менш, чым грузінскіх сьцягоў.
Музычны прадусар, адзін з арганізатараў фэстывалю “Be Free”, які ў мінулыя выходныя прайшоў ў Львове Аляксей Лукашэвіч са шкадаваньнем сказаў, што такія фэсты ў Беларусі арганізаваць надзвычай цяжка. Дазвол на правядзеньне масавых мерапрыемстваў беларускія ўлады даюць за некалькі дзён да пачатку, а за такі кароткі тэрмін гэта зрабіць немагчыма. Таму і даводзіцца беларускім аматарам добрай музыкі пераадольваць візавыя праблемы, каб паслухаць ня толькі ўсясьветна вядомых выканаўцаў, але і свае родныя гурты.
Зь вялікай радасьцю беларуская дыяспара на фэстывалі вітала і вызваленьне палітвязьня Аляксандра Казуліна – гэта прыемная навіна данеслася да Літвы вельмі хутка.
У нядзелю – апошні фэстывальны дзень. Але арганізатары абяцаюць у наступным годзе правесьці і трэці фэст Be2gether.