Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: адзін партыец на пяць участкаў


Сёньня пачаўся новы этап выбарчай кампаніі. Цягам трох дзён будуць сфармаваныя больш за 6500 участковых выбарчых камісіяў. Менавіта яны правядуць першасны падлік галасоў за кандыдатаў пасьля выбараў 28 верасьня.


Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы зьбіраліся разам “закрыць” ад 1000 да 1500 участкаў. Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка сьцьвярджае, што ад аб’яднаных дэмсілаў ужо ёсьць 1300 вылучэнцаў:

“Можа быць больш. Няпоўныя пакуль дадзеныя ў БНФ. Вельмі настойліва папрацавала ПКБ, якая вылучыла 450 чалавек. АГП вылучыла 360. А з кандыдатаў я б адзначыў Юрася Карэтнікава і Сяргея Калякіна. Яны вылучылі сваіх прадстаўнікоў фактычна ва ўсе камісіі”.

Спадар Карняенка кажа: да заўтрашняй раніцы поўны сьпіс кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі з усімі прозьвішчамі будзе зроблены:

“Мы іх зробім публічнымі. Перадамо ў БДІПЧ, незалежным СМІ, каб яны глядзелі. І каб мы не размахвалі толькі лічбамі, але і канкрэтнымі прозьвішчамі”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што палітычныя партыі на гэтым этапе выбарчай гонкі ня выявілі вялікай актыўнасьці:

“Рознымі суб’ектамі прапанавана 73 576 кандыдатур. У тым ліку грамадзяне праз падачу заяў — 37 936 кандыдатур, працоўныя калектывы — 24 144, палітычныя партыі — 1 237, іншыя грамадзкія арганізацыі — 10 259. Партыйныя вылучэнцы складаюць толькі 1,7% ад усіх пададзеных заяў”.

Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Дабравольскі кажа: галоўным крытэрам пры вылучэньні кандыдатаў у склад участковых камісіяў па сваёй выбарчай акрузе стала іх прафэсійная падрыхтоўка.

“Сярод нашых кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі ёсьць вельмі вядомыя людзі. Гэта Сяргей Альфэр, Гары Паганяйла, Антаніна Кавалёва... Усе яны — юрысты”.

Сёньня кіраўнік місіі назіральнікаў ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ нямецкі дыплямат Герт-Генрых Арэнс сустрэўся са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. На заўтра заплянаваная яго прэсавая канфэрэнцыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG