Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі вінаваціць Расею ва ўварваньні


Прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі абвінаваціў Расею ў “паўнамаштабным ваенным уварваньні ў Грузію”.

У Паўдзённай Асэтыі другі дзень працягваюцца зацятыя баі. Грузінскія і расейскія сілы змагаюцца за кантроль над краем, расейскія бамбавікі наносяць удары па аб'ектах на грузінскай тэрыторыі. Тым часам Абхазія распачала ваенную апэрацыю па выцясьненьні грузінскіх сілаў з Кадорскай цясьніны.

Прэзыдэнт Саакашвілі заклікаў міжнародную супольнасьць прымусіць Расею неадкладна спыніць ваенныя дзеяньні. Грузінскі прэзыдэнт абвінаваціў расейскія сілы ў этнічных чыстках грузінскага насельніцтва Паўдзённай Асэтыі.

Горы пасьля расейскага бамбардаваньня
Сёньня канфлікт выйшаў за межы Паўдзённай Асэтыі. Расейская авіяцыя бамбавала чарнаморскі порт Поці і горад Горы. Паводле Саакашвілі, расейскія сілы наўмысна зьнішчаюць цывільныя аб'екты:

Саакашвілі: “Расейскія сілы нацэльваюць удары па жылых кварталах. Сярод іншага яны зьнішчылы цэлы жылы квартал у горадзе Горы, далёка ад зоны канфлікту і ад сутыкненьня паміж варожымі бакамі. Яны бамбавалі цывільныя аб'екты на захадзе Грузіі. Яны бамбавалі жылыя кварталы па ўсёй краіне. Яны бамбавалі цывільныя шпіталі. Бальшыню ахвяраў складаюць мірныя жыхары”.

Карэспандэнт нашага радыё Коба Ліклікадзэ пабываў на месцы бамбаваньня ў Горы, дзе ён бачыў шмат ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва:

“Каля артылерыйскай базы мы пабачылі жахлівае відовішча. Гарэла ня толькі база, але і два жывыя кварталы побач. У двары было шмат забітых”.

Коба Ліклікадзэ працягвае:

Горы пасьля расейскага бамбардаваньня
“Магчыма, вы чуеце гукі машынай хуыкай дапамогі, якія праяжджаюць міма – яны вязуць параненых у Тбілісі, бо шпіталь у Горы перапоўнены”.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, які знаходзіцца ў Пэкіне, выказаў глыбокую занепакоенасьць сытуацыяй у Паўдзённай Асэтыі і заклікаў да неадкладнага спыненьня агню:

“Грузія – сувэрэнная дзяржава, яе тэрытарыяльная цэласнасьць павінна паважацца. Мы заклікаем да неадкладнага спыненьня гвалту і да спыненьня ваенных дзеяньняў. Мы заклікаем да спыненьня расейскіх бомбавых абстрэлаў і да вяртаньня ўсіх бакоў да становішча, якое існавала на момант шостага жніўня”.

Як паведамляе расейскі ўрад, праз расейскую мяжу перайшло ўжо больш за 30 тысячаў уцекачоў з Паўдзённай Асэтыі. Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што расейскія міратворцы выконваюць апэрацыю па “прымушэньню грузінскага боку да міру”:

“Нашы міратворцы і прыдадзеныя да іх часткі ў цяперашні момант ажыцьцяўляюць апэрацыю па прымушэньні грузінскага боку да міру. На іх таксама ляжыць адказнасьць за абарону насельніцтва”.

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў паведаміў, што ў выніку канфлікту ўжо загінула паўтары тысячы чалавек. Міхэіл Саакашвілі абверг гэтую лічбу, назваўшы яе хлусьнёй расейскай прапаганды, і заявіў, што ад грузінскага агня мірныя жыхары Цхінвалі не пацярпелі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG