Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джонатан Мур: “Мы назіраем і чакаем”


Выканаўца абавязкаў амбасадара ЗША ў Беларусі Джонатан Мур сёньня заявіў, што ЗША чакаюць вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў. Толькі пасьля пазытыўных зьменаў у Беларусі можна будзе казаць пра адмену эканамічных санкцыяў ЗША.

Джонатан Мур канстатаваў, што пакуль няма паляпшэньня сытуацыі на карысьць вызваленьня палітвязьняў. Цяперашнюю пазыцыю ЗША ў гэтым пытаньні ён ахарактарызаваў такім чынам: “Мы назіраем і чакаем”.

Джонатан Мур наведаў МЗС Беларусі з нагоды сёньняшняга інцыдэнту ў ЗША, калі адна дзяўчынка з групы беларускіх дзяцей не зьявілася ў аэрапорце Сан-Францыска, каб ляцець на радзіму пасьля аздараўленчай паездкі.

“Беларускія ўлады, вядома, хацелі б хутчэйшага вяртаньня ўсіх удзельнікаў праграмы, – паведаміў Джонатан Мур. – Праграма ўжо завершаная, і ўсе павінны вярнуцца. Гэта стандартная гуманітарная праграма, у рамках якой дзеці выяжджаюць на адпачынак і аздараўленьне ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

Гэта кароткатэрміновая праграма, якая доўжыцца толькі некалькі тыдняў. Пасьля гэтага яны павінны вярнуцца ў Беларусь. Мне паведамілі, каб гэтая сытуацыя завяршылася неадкладна”.

Камэнтуючы сёньняшнія заявы расейскага амбасадара Аляксандра Сурыкава што да магчымага разьмяшчэньня комплексаў “Іскандэр” і стратэгічных бамбавікоў на тэрыторыі Беларусі ў адказ на разьмяшчэньне элемэнтаў супрацьракетнай абароны ЗША ў Польшчы і Чэхіі, спадар Мур сказаў:

“Я ня бачыў заявы амбасадара Сурыкава. Я хацеў бы адзначыць, што пытаньне ўсталяваньня нейкіх вайсковых комплексаў на тэрыторыі Беларусі павінна абмяркоўвацца беларускім народам. Я не хацеў бы рабіць дапушчэньняў наконт таго, якія крокі могуць быць зробленыя альбо якая рэакцыя будзе з боку ЗША.

Ва ўсякім разе, тое, што мы абмяркоўваем з Польшчай і Чэхіяй, — гэта двухбаковае адкрытае абмеркаваньне”.

Спадар Мур выказаў таксама занепакоенасьць станам здароўя амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра, якога арыштавалі 12 сакавіка і цяпер судзяць за зачыненымі дзьвярыма.

Паводле Джонатана Мура, прадстаўнікі амбасады наведвалі Э.Зэльцэра 27 сакавіка. Потым яшчэ былі два спатканьні. Ён заўважыў, што дагэтуль прадстаўнікі амбасады ня ведаюць дакладна, у чым абвінавачваецца амэрыканскі адвакат, і працягваюць настойваць на тым, каб яго адпусьцілі на падставе гуманітарных меркаваньняў.

Ацэньваючы пачатак выбарчай кампаніі ў Беларусі, спадар Мур выказаў занепакоенасьць фактамі ціску на кандыдатаў ад дэмакратычнага блёку і абмежаваньнем іх допуску да СМІ. Ён зазначыў, што трэба дачакацца, якія прозьвішчы нарэшце апынуцца ў сьпісе зарэгістраваных кандыдатаў.

* * *
Марыя Ваньшына зь Міністэрства замежных справаў Беларусі паведаміла сёньня журналістам у Менску, што беларускі і амэрыканскі бакі прыкладаюць намаганьні для вяртаньня непаўналетняй беларускай грамадзянкі на радзіму. “Дзярждэпартамэнт ЗША таксама заявіў, што лічыць неправамернымі дзеяньні сям’і з Сан-Францыска, якая ўтрымлівае беларускую дзяўчынку”, — сказала Ваншына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG