Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцаў у Беларусі цкуюць як дысыдэнтаў у СССР


Сёньня ў Менску прэзэнтавалі Справаздачу Абсэрваторыі па абароне правоў праваабаронцаў.

“Абсэрваторыя” — супольная інфармацыйная праграма, якую каардынуюць Усясьветная арганізацыя супраць катаваньняў і Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека. Справаздача за 2007 год вызначаецца тым, што пры аналізе сытуацый кожнай з краін акрэсьлены палітычны кантэкст парушэньняў правоў праваабаронцаў.
У прэзэнтацыі справаздачы ў Менску ўзяла ўдзел сябра рады Ўсясьветнай арганізацыі супраць катаваньняў Цінацін Хіташэлі. Яна лічыць, што галоўная роля гэткіх справаздачаў — інфармаваць грамадзкасьць:
“Калі рэжым на месцы, то натуральна, што калі нехта нешта напісаў, дасьледаваў, выкрыў, гэта нічога ня значыць для рэжыму — бо рэжым лепш за іншых ведае, калі ён і што парушае. Але ўсё гэта мае значэньне для тых, хто працуе ў гэтай сфэры. Калі ўсе гэтыя выпадкі даходзяць да Страсбурскага суду, то гэта мае вельмі вялікае значэньне”.
У разьдзеле, прысьвечаным беларускай сытуацыі, адзначаецца працяг рэпрэсіяў супраць тых, хто змагаецца за дэмакратыю і правы чалавека. Незарэгістраваны праваабарончы цэнтар “Вясна” зафіксаваў 617 выпадкаў затрыманьня такіх людзей з далейшым судовым перасьледам. Часьцей за ўсё затрымлівалі на мітынгах і дэманстрацыях.
Сытуацыя з праваабарончымі арганізацыямі ў Беларусі пагаршаецца – зазначаецца ў справаздачы. Асноўная праблема — немагчымасьць зарэгістравацца. Яшчэ ў 2003 годзе была зьліквідаваная большасьць праваабарончыя арганізацыі. На сёньняшні дзень легальны статус маюць толькі Беларускі Хэльсынскі камітэт і Беларуская асацыяцыя журналістаў, кажа юрыст Валянцін Стэфановіч:
“У 2003 годзе ўлады выціснулі праваабарончыя арганізацыі за межы легальнай дзейнасьці. Гэта пацягнула за сабой ня толькі страту легальнай працы, але і выцісканьне з публічнага жыцьця, бо існуе забарона для СМІ асьвятляць дзейнасьць незарэгістраваных арганізацый. Апроч таго, для праваабарончых арганізацый была вельмі істотнай магчымасьць афіцыйна зьвяртацца ў дзяржаўныя ўстановы ад імя няўрадавай арганізацыі па тлумачэньні адносна нейкіх пытаньняў, якія закранаюць правы грамадзянаў”.
На думку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, дзеяньні ўладаў у дачыненьні да праваабаронцаў сёньня нагадваюць савецкае цкаваньне дысыдэнтаў. З аднаго боку, няма нармальных умоваў працы. З другога, у дзяржаўных СМІ — хваля тэлесюжэтаў і друкаваных матэрыялаў, якія дыскрэдытуюць дзейнасьць праваабаронцаў. З трэцяга — здараюцца спробы псыхалягічнага ўзьдзеяньня. Прыкладам, пасьлядоўныя затрыманьні пры перасячэньні мяжы краіны, каб скласьці пратакол на незразумелых падставах. Прыклады пералічвае Алесь Бяляцкі:
“На падставе даручэньня старэйшага зьмены”, “на падставе службовай інфармацыі”, “на падставе артыкулу 293 Мытнага кодэксу”, “на падставе даручэньня праваахоўных органаў”, “на падставе даручэньня памежных войскаў”. Фантазія працуе... Відавочна, што памежнікі разам з ДАІшнікамі, разам з вайсковымі сіламі, якія працуюць з моладзьдзю, уцягваюцца ў сумесны перасьлед іншадумцаў”.
Найбольш распаўсюджаныя абвінавачаньні ў бок беларускіх праваабаронцаў, адзначаецца ў Справаздачы, — гэта “хуліганства”, “брыдкаслоўе ў грамадзкім месцы” і “зьнявага дзяржаўнага служачага”. Паводле адпаведных артыкулаў Адміністратыўнага кодэксу гэта цягне за сабой штрафы ці арышты на тэрмін да 15 сутак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG