Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нашы пляны – сабраць 6500 подпісаў”


Ініцыятыўная група вылучэнца ад Партыі БНФ Яраслава Берніковіча мяркуе сабраць рэкордную колькасьць подпісаў -- як мінімум у шэсьць разоў большую за тую, што патрэбна для рэгістрацыі.


Яраслаў Берніковіч зьбіраецца балятавацца на кандыдата ў дэпутаты па Глыбоцкай выбарчай акрузе №22. Гэтая акруга ўключае тэрыторыі трох раёнаў – Глыбоцкага, Вушацкага і Докшыцкага. Паводле патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты, які бярэ ўдзел у парлямэнцкай выбарчай кампаніі ўжо другі раз, мясцовыя выбаршчыкі надзвычай ахвотна аддаюць свае галасы за ягонае вылучэньне: за чатыры дні сябры ініцыятыўнай групы сабралі 1320 подпісаў.

Спадар Берніковіч згадвае, што й сам зьбіраў подпісы падчас ранейшых выбарчых кампаній – да прыкладу, за вылучэньне на кандыдатаў у прэзыдэнты Сямёна Домаша і Аляксандра Мілінкевіча. Аднак глыбоцкі актывіст ня памятае, каб ягоныя землякі былі настолькі актыўныя. На ягоную думку, жаданьне падпісацца за дэмакратычнага кандыдата абумоўлена спадзяваньнямі на лепшае і вострым незадавальненьнем цяперашнім жыцьцём: ставячы подпісы, людзі часта скардзяцца на скасаваньне льготаў, рост цэнаў, рэформу школьнай адукацыі.

Калі ініцыятыўнай групе Яраслава Берніковіча ўдасца сабраць заплянаваныя 6,5 тысяч подпісаў, то гэта будзе абазначаць, што за вылучэньне апазыцыйнага кандыдата выказаўся кожны дзесяты выбаршчык зь ягонай акругі. Па гэтай самай акрузе, дарэчы, зьбіраецца балятавацца і цяперашні старшыня віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Андрэйчанка.


Падчас абыходу кватэр выбаршчыкаў у Глыбокім

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG