Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Басовішча" 19-ты раз


Сёньня ва ўрочышчы Борык каля мястэчка Гарадок на Беласточчыне пачнецца "Басовішча" — штогадовы фэстываль музыкі маладой Беларусі. Гэта будзе ўжо 19-ты выпуск фэстывалю, які Беларускае аб’яднаньне студэнтаў (БАС) у Польшчы пачало ладзіць у 1990 годзе.


"Басовішча" ёсьць самым вядомым і ці не найбольшым фэстывалем беларускай рок-музыкі, які штогод прыцягвае ў Гарадок у сярэдзіне ліпеня тысячы фанатаў з Польшчы і Беларусі ды памежных краін.

На сцэне „Басовішча” выступалі шмат разоў такія „зубры” беларускага року як "Мроя", "Уліс", "Крама", "Н.Р.М" і "Нэйра Дзюбэль”. Шмат якія малавядомыя гурты як зь Беларусі, гэтак і зь Беласточчыны здабылі ў Гарадку шырэйшую вядомасьць.

Сёлетa „Басовішча” адкрыюць вядомыя аматарам беларускага року "Крама" і "IQ48". Потым будзе конкурсная частка фэстывалю, у якой выступяць восем гуртоў зь Беларусі і адзін з Гарадка. А пасьля конкурсу будуць іграць госьці фэстывалю: мясцовыя "5сот5", "И друг мой грузовик" з Днепрапятроўску ва Ўкраіне ды „Тройца” і "WZ-Orkiestra" зь Менску.

У суботу (19 ліпеня) на „Басовішчы” выступяць, між іншым, ляўрэаты конкурснай часткі зь пятніцы, мясцовыя „RIMA” i „Schody”, "Pomidor/OFF” i „Нэйра Дзюбэль” зь Менску ды польскі гурт „Dick4Dick”.

"Басовішча" — фэстываль арганізаваны маладымі беларусамі для ўсіх маладых, перш за ўсё духам, людзей, якія разумеюць ня толькі ролю музыкі ў сяброўстве, але і ролю сяброўства ў жыцьці," — напісала Ілона Карпюк, шматгадовая арганізатарка папярэдніх выпускаў гарадоцкага фэстывалю, у апошнім выданьні беластоцкай "Нівы".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG